Навучэнцы Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча, гімназіі № 4 і сярэдняй школы № 11 г. Гродна знаёмяцца з асновамі ваеннай службы на ваенным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы.
Традыцыйныя для Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы мерапрыемствы праходзяць на базе ваеннага факультэта з 4 па 8 чэрвеня. У гэтым годзе ў палявым лагеры намётавага тыпу знаходзіцца 50 навучэнцаў Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча, у ліку якіх 14 дзяўчат, і 20 вучняў з гімназіі № 4 і сярэдняй школы № 11.
–Афіцэры прафесарска-выкладчыцкага складу факультэта правядуць для навучэнцаў заняткі па страявой падрыхтоўцы, агульнавайсковым статутам, медыцынскай падрыхтоўцы, асновах радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, агнявой падрыхтоўцы. Кадэты будуць адточваць навыкі працы на сродках сувязі і са стралковай зброяй, - распавёў намеснік начальніка ваеннага факультэта па ідэалагічнай працы Яўгеній Скіба.
Нагадаем, што ваенны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча паспяхова супрацоўнічаюць не адзін год: установы сумесна рыхтуюць кадэтаў да паступлення на спецыяльнасці ваеннага факультэта, займаюцца ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі, якая навучаецца. Такое ўзаемадзеянне дзвюх устаноў адукацыі дае добрыя вынікі: штогод шэрагі курсантаў ваеннага факультэта купалаўскага ўніверсітэта папаўняюць выпускнікі Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча.