На ўрачыстай цырымоніі выпуску курсантаў ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы 27 выпускнікам уручаны дыпломы аб заканчэнні ўніверсітэта і прысвоена званне «лейтэнант».
Святочныя мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак да помніка воінам-вызваліцелям у парку імя Ж.Э. Жылібера. Затым удзельнікі прайшлі на плошчу Леніна, дзе гукамі ўрачыстага маршу іх сустракаў аркестр 6-ай гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады.
Павіншавалі рабят са знамянальнай падзеяй рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, прадстаўнікі сілавых ведамстваў краіны, прадстаўнікі воінскіх часцей, духавенства і адміністрацыі купалаўскага ўніверсітэта, а таксама родныя і блізкія выпускнікоў. У ліку ганаровых гасцей свята намеснік Міністра абароны па тыле - начальнік тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Андрэй Бурдыка і старшыня праўлення Гродзенскай абласной Асацыяцыі мясцовых саветаў дэпутатаў генерал-маёр запасу Анатоль Нікіцін.
Па традыцыі цырымонія выпуску курсантаў пачалася з абвяшчэння Кодэкса гонару афіцэра. Гэта права было прадастаўлена выпускніку Раману Тажуну. Афіцэры пакляліся быць вернымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам Рэспублiкi Беларусь, прадстаўленую службовым становішчам уладу выкарыстоўваць толькі на карысць Рэспублікі Беларусь, а таксама выконваць усе абавязкі афіцэра Узброеных Сіл нашай краіны, выкладзеныя ў Кодэксе.
Віншуючы выпускнікоў з прысваеннем першага афіцэрскага звання, рэктар універсітэта Ірына Кітурка адзначыла, што выпуск ваеннага факультэта ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце - гэта не проста падзея, гэта традыцыя, якая мае глыбокі сэнс. «Сёння з атрыманнем дыплома мы давяраем вам наша будучыню. Менавіта вы, прыйшоўшы ва ўзброеныя сілы, будзеце забяспечваць суверэнітэт нашай краіны, яе бяспеку, адстойваць нацыянальныя інтарэсы. І я шчыра жадаю вам поспеху на гэтым шляху. Я хачу сказаць вялікі дзякуй кожнаму з вас за вашу працу і за вашу першую перамогу - перамогу над сабой: вы заслужылі першае афіцэрскае званне. Памятайце, што сіла афіцэра не толькі ў тэарэтычнай падрыхтоўцы, але і ў мэтанакіраванасці, чалавечнасці, ва ўменні шукаць кампрамісы. Сіла афіцэра ў яго самаадукацыі. Вучыцца неабходна на працягу ўсяго жыцця. Вы атрымліваеце дыпломы ў Год малой радзімы, і я хачу, каб вы заўсёды памяталі, што ваша alma-mater - Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы - таксама частка вашай малой радзімы, якая заўсёды вас чакае і заўсёды падтрымае», - падкрэсліла Ірына Фёдараўна.
Намеснік Міністра абароны па тыле - начальнік тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Андрэй Бурдыка выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву Гродзенскай вобласці, горада Гродна, кіраўніцтву і прафесарска-выкладчыцкаму складу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за падрыхтоўку высокапрафесійных ваенных кадраў. Выпускнікам Андрэй Валяр'янавіч пажадаў пастаянна ўдасканальваць свае веды, каб заўсёды быць у поўнай гатоўнасці стаць на абарону беларускага народа і сваёй Радзімы.
Сказаныя на дарогу словы ў адрас маладых афіцэраў прагучалі і ад старшыні праўлення Гродзенскай абласной Асацыяцыі мясцовых саветаў дэпутатаў генерал-маёра запасу Анатоля Нікіціна. Ён пажадаў выпускнікам сумленна і годна выконваць свой прафесійны абавязак на карысць развіцця і росквіту Беларусі.
10 выпускнікам, якія на працягу трох з паловай гадоў у складзе роты ганаровай варты прымалі актыўны ўдзел у правядзенні ўрачыстых мерапрыемстваў горада Гродна і вобласці, былі ўручаны граматы і падзячныя лісты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання, аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта.
З наказам да курсантаў ваеннага факультэта звярнуўся выпускнік, лейтэнант Ігар Скачкоў: «Чатыры гады мы разам дзялілі ўсе радасці і нягоды, узлёты і падзенні. Зараз сумна ад таго, што лепшыя курсанцкія гады ўжо прайшлі. Паважаныя курсанты, не губляйце нітак сяброўства, з гонарам нясіце званне курсанта ваеннага факультэта». Акрамя таго, ад імя выпускнікоў Ігар выказаў словы ўдзячнасці ўсім сілавым ведамствам, кіраўніцтву Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і прафесарска-выкладчыцкаму складу за развіццё ваеннай справы на Гродзеншчыне.
Асабліва ўрачыстымі і кранальнымі у праграме свята былі развітанне са сцягам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і вальс выпускнікоў.
Маладыя афіцэры прайшлі перад удзельнікамі і гледачамі ўрачыстым маршам і па добрай вайсковай традыцыі кінулі манеты на ўдачу.
Завяршыў цырымонію выпуску пляц-канцэрт пазаштатнай роты ганаровай варты ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.