Дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Юрый Раманоўскі з 4 па 7 ліпеня ў складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці прыняў удзел у працы 24-га гандлёва-інвестыцыйнага кірмашу ў г. Ланьчжоў (КНР).
Акрамя гэтага, наведаў Ланьчжоўскі транспартны ўніверсітэт у правінцыі Ганьсу, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам універсітэта і абмеркаваў напрамкі ўзаемадзеяння. А таксама інстытут замежных моў Паўночна-Заходняга педагагічнага ўніверсітэта, дзе правёў перамовы з дэканам і сустрэўся са студэнтамі інстытута, якія вывучаюць рускую мову. У рамках дасягнутых дамоўленасцей купалаўскі ўніверсітэт вылучыў гранты двум студэнтам інстытута замежных моў Паўночна-Заходняга педагагічнага ўніверсітэта на ўдзел у Летняй школе рускай мовы 2018, якая пройдзе з 5 па 25 жніўня.
Варта адзначыць, што з 2007 года паміж Гродзенскай вобласцю і правінцыяй Ганьсу (КНР) устаноўлены пабрацімскія адносіны, якія дынамічна развіваюцца ў тым ліку і ў напрамку адукацыі. Так, у гэтым годзе 4 студэнта ГрДУ імя Янкі Купалы праходзілі стажыроўку ў адным з найбуйнейшых універсітэтаў правінцыі - Паўночна-Заходнім педагагічным універсітэце г. Ланьчжоў. У маі гэтага года тры прадстаўнікі Канцылярыі знешніх сувязяў Урада правінцыі Ганьсу і сем прадстаўнікоў універсітэтаў - выкладчыкі рускай мовы і супрацоўнікі аддзела знешніх сувязяў, прынялі ўдзел у Школе рускай мовы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі.