24 удзельнікі з 11 краін свету будуць вывучаць рускую мову на працягу трох тыдняў у купалаўскім універсітэце.
Заезд гасцей з Азербайджана, Бельгіі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Канады, Кітая, Польшчы, ЗША, Францыі, Японіі адбыўся 5 жніўня, а ўжо ў другой палове дня для іх прайшоў першы трэнінг-знаёмства.
Пра тое, што Летняя школа рускай мовы ў ГрДУ імя Янкі Купалы карыстаецца попытам, кажа і той факт, што некаторыя ўдзельнікі прыязджаюць сюды не першы раз. Так, Бернд Адам з Германіі не толькі сам трэці год запар наведвае купалаўскі ўніверсітэт, але і прывёз сюды сваю дачку Лідзію Хакенселлнер. А ў якасці валанцёра Летняй школы рускай мовы прыехала Кампадэлі Разалія Аннарыта з Італіі. Годам раней яна была ўдзельніцай школы.
У нядзелю ўвечары, у першы дзень працы Летняй школы рускай мовы, валанцёраў і ўдзельнікаў аб'яднала сумесна прыгатаваная вячэра, падчас якой шматлікія замежныя госці ўпершыню паспрабавалі страву нацыянальнай кухні - беларускія дранікі. Наступным этапам знаёмства стаў трэнінг па камандаўтварэнні. Яго правяла старшы выкладчык кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу факультэта эканомікі і кіравання Ларыса Леанідаўна Скварцова. Інтэрактыўныя заданні трэнінгу спрыялі збліжэнню замежных навучэнцаў з валанцёрамі і адзін з адным. А пасля трэнінгу ўдзельнікі развучылі першую песню на рускай мове - «Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались!»
Як распавялі арганізатары Летняй школы, па выніках тэсту ўдзельнікі будуць падзелены на групы ў адпаведнасці з узроўнем валодання рускай мовай.
Нагадаем, што ініцыятарам і арганізатарам праекта выступае кафедра моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян факультэта давузаўскай падрыхтоўкі. Больш падрабязная інфармацыя даступная па спасылках: https://rls.grsu.by/ru/, https://fdp.grsu.by/180-letnyaya-shkola-russkogo-yazyka