Вечар адкрыцця Летняй школы рускай мовы «Як добра, што ўсе мы тут сёння сабраліся» адбыўся 7 жніўня ў купалаўскім універсітэце.
Замежных гасцей, удзельнікаў Летняй школы рускай мовы, ад імя кіраўніцтва ўніверсітэта павітала начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Вольга Мінава.
– Вось ужо чацвёрты раз наш універсітэт прымае ўдзельнікаў школы рускай мовы. Мы рады, што вы выбралі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы для вывучэння рускай мовы. Спадзяюся, гэтыя тры тыдні вам запомняцца, вы атрымаеце шмат новых уражанняў, пазнаёміцеся і знойдзеце сабе добрых сяброў, а таксама будзеце вяртацца да нас зноў і зноў. Жадаю вам палюбіць наш горад і наш універсітэт і стаць разам з намі адной вялікай універсітэцкай сям'ёй, - адзначыла Вольга Мінава.
Ва ўрачыстай абстаноўцы былі прадстаўлены выкладчыкі, якія будуць навучаць замежных навучэнцаў рускай мове. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі Летняй школы на рускай мове распавялі пра свае краіны, пра сябе, свае інтарэсы і захапленні. Прэзентацыю і невялікі канцэрт падрыхтавала і каманда валанцёраў.
Па словах агранізатара сустрэчы Таццяны Чаркес, упершыню ў гісторыі Летняй школы рускай мовы выкладчыкі, валанцёры і ўдзельнікі спявалі песню на беларускай мове. Сумеснае выкананне песні стала сюрпрызам вечара і спрыяла знаёмству ў сяброўскай атмасферы. Аб'яднаў усіх ў танцы запальны флэшмоб.