Экскурсійная паездка для слухачоў Летняй школы рускай мовы была арганізавана ў выхадныя дні.
У суботу, 11 жніўня, удзельнікі Летняй школы разам з валанцёрамі прайшлі дарогамі замкаў Нясвіж - Мір. Яны пазнаёміліся з гісторыяй будаўніцтва манументальных гатычных збудаванняў XVI стагоддзя, пачулі аповяд пра іх знакамітых гаспадароў, убачылі ўбранне залаў, партрэты знакамітага княскага роду і парадныя даспехі воінаў.
У нядзелю, 12 жніўня, замежныя госці наведалі Белавежскую пушчу. У іх была магчымасць прадэгуставаць стравы нацыянальнай кухні, наведаць музей народнага побыту, музей прыроды, вальеры, убачыць дуб-патрыярх, якому больш за 550 гадоў.
На гэтым тыдні, згодна з праграмай, удзельнікаў Летняй школы рускай мовы чакаюць займальныя заняткі "Караоке па-руску", "Дзелавая руская мова", а таксама экскурсіі ў Свята-Барыса-Глебскую царкву XII стагоддзя, на прадпрыемства г. Гродна і ў музей мінералаў «Карат».
Нагадаем, Летняя школа рускай мовы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў гэтым годзе прыняла 24 удзельнікі з 11 краін свету, якія вывучаюць рускую мову, а таксама знаёмяцца з культурай і традыцыямі Беларусі на працягу трох тыдняў, з 5 па 25 жніўня.
Больш падрабязная інфармацыя даступная па спасылках: https://rls.grsu.by/ru/, https://fdp.grsu.by/180-letnyaya-shkola-russkogo-yazyka