Па заканчэнні Летняй школы, арганізаванай кафедрай моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян, выпускнікі атрымалі сертыфікаты.
На працягу трох тыдняў грамадзяне з 11 краін свету вывучалі рускую мову, знаёміліся з беларускай культурай і гісторыяй, прадпрыемствамі Гродна, славутасцямі Беларусі.
Незабыўныя ўражанні выклікалі майстар-класы, у час якіх замежнікі рыхтавалі беларускія нацыянальныя стравы, выконвалі беларускія народныя танцы і песні.
Завяршыўся тыдзень развітальным вечарам. Яго вядучымі выступілі ўдзельнік Летняй школы рускай мовы француз Рафаэль Бэк і валанцёр Кацярына Місюк. Замежнікі пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры моўнай падрыхтоўкі Таццяны Чаркес арганізавалі развітальны канцэрт: праспявалі беларускую «Купалінку», а таксама «Міленькі ты мой», «Птушку шчасця» і «Паварот», выказалі словы падзякі ў адрас выкладчыкаў і валанцёраў і атрымалі заслужаныя сертыфікаты. Шмат добрых слоў у адрас слухачоў накіравалі іх выкладчыкі рускай мовы як замежнай.
Даведка
Летняя школа рускай мовы - 2018 у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы сабрала 24 удзельнікі з Азербайджана, Бельгіі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Канады, Кітая, Польшчы, ЗША, Францыі і Японіі.
Варта адзначыць, што ўпершыню Летняя школа рускай мовы прайшла ў 2015 годзе. Праект прадоўжыўся ў лютым наступнага года як «Зімовая школа рускай мовы». У цяперашні час Летняя і Зімовая школы паспяхова дзейнічаюць пры купалаўскім універсітэце і штогод збіраюць дзясяткі замежнікаў, якія жадаюць вывучаць рускую мову і знаёміцца з унікальнай культурай, традыцыямі, прыродай і архітэктурай Беларусі.