Удзельнікамі мерапрыемства, якое адбылося 30 жніўня, сталі больш за семсот першакурснікаў.
З прывітальным словам да студэнтаў, іх бацькоў і гасцей сустрэчы звярнулася рэктар універсітэта Ірына Кітурка:
– Я ад усёй душы дзякую вам за тое, што вы выбралі наш універсітэт. Хачу сказаць вялікі дзякуй вашым бацькам за тое, што даверылі нам самае дарагое - яны даверылі вас. Мы пастараемся зрабіць так, каб, скончыўшы наш універсітэт, кожны з вас з гонарам мог сказаць, што ён - выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Ірына Фёдараўна прачытала першакурснікам першую лекцыю пра гісторыю ўніверсітэта, дасягненні студэнтаў і выпускнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама расказала аб магчымасцях, якія створаны ў ГрДУ імя Янкі Купалы для самарэалізацыі ў навуцы, адукацыі, творчасці і спорце. Завяршаючы выступ, рэктар дадала:
– Дарагія першакурснікі, мы з гонарам, хваляваннем і вялікай павагай прымаем вас сёння ў нашу вялікую, дружную купалаўскую сям'ю. Я хачу пажадаць вам быць крэатыўнымі. Каб вам ніколі не было «ўсё роўна» і вы былі драйверамі свайго жыццёвага шляху. Каб вы ўжо сёння ведалі, што хочаце многага - і многае ў вас атрымаецца. Стаўце вялікія мэты, і вы іх абавязкова дасягнеце. У добры шлях!
Па даўняй універсітэцкай традыцыі Ірына Кітурка ўручыла студэнцкія білеты лепшым першакурснікам - тым, хто па выніках цэнтралізаванага тэсціравання і ўступных выпрабаванняў паказаў высокія вынікі.
У рамках мерапрыемства адбылася цырымонія перадачы сімвалічнага студэнцкага білета і ключа ведаў студэнту 1 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Мікалаю Брацішчыку і студэнтцы 1 курса юрыдычнага факультэта Карыне Вялічка ад студэнта 4 курса юрыдычнага факультэта, старшыні першаснай студэнцкай арганізацыі «Белая Русь» Аляксея Апановіча і студэнткі 3 курса філалагічнага факультэта, пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года 2017» Аляксандры Радковіч. Старшакурснікі павіншавалі рабят з паступленнем у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы:
– Паважаныя першакурснікі, мы віншуем вас з паступленнем у адзін з лепшых універсітэтаў нашай краіны - у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Мы верым, што выбар кожнага з вас быў правільным і вы будзеце з гонарам насіць званне студэнта-купалаўца, а таксама захоўваць і прымнажаць традыцыі нашай alma mater.
Студэнтка 1 курса юрыдычнага факультэта Карына Вялічка ад імя ўсіх абітурыентаў 2018 года падзякавала бацькам і выкладчыкам, якія падтрымлівалі рабят на працягу ўсёй уступнай кампаніі.
– Я ўпэўнена, што студэнцкае жыццё ў купалаўскім універсітэце будзе напоўнена мноствам цікавых момантаў і важных здзяйсненняў, а гэты дзень нам запомніцца асабліва, бо сёння ў нас усё толькі пачынаецца! - падкрэсліла Карына.
Завяршылася ўрачыстая цырымонія клятвай першакурснікаў. Рабяты пакляліся з годнасцю несці званне студэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, не шкадаваць сіл і часу на зразуменне ўсіх навук, быць годнымі пераемнікамі традыцый беларускага студэнцтва, ва ўсім выступаць узорам сумленнасці, высакароднасці, працавітасці і дысцыпліны, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім, навуковым і культурным жыцці роднай alma mater, атрыманыя веды накіроўваць на ўмацаванне магутнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь і быць годнымі грамадзянамі нашай краіны.
Адзначым, што заўтра, 31 жніўня, таксама адбудзецца сустрэча рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы з першакурснікамі. Мерапрыемства пройдзе па адрасе Леніна, 32, актавая зала. Пачатак у 11.00.