У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва ўніверсітэта на чале з рэктарам Ірынай Кітурка, выкладчыкі і студэнты-купалаўцы. Ганаровымі гасцямі свята сталі першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Старавойтава і дырэктар тэлерадыёкампаніі "Гродна" Мікалай Мельячэнка.
Па традыцыі пачалося свята з ўнясення і ўзняцця сцяга купалаўскага ўніверсітэта лепшымі студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі ГрДУ імя Янкі Купалы, якія сваімі высокімі дасягненнямі ў сферы навукі, адукацыі, культуры і спорту ўслаўляюць ГрДУ імя Янкі Купалы ў краіне і за яе межамі. Сярод іх стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі, прадстаўнікі Каардынацыйнага студэнцкага савета, актывісты грамадскіх арганізацый, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў і конкурсаў прыгажосці.
Са словамі віншавання да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:
– Пачатак вучэбнага года дае для нас новыя мары, новыя планы, новыя праекты, а самае галоўнае – магчымасці для іх рэалізацыі. Памятайце, што ваша будучыня – у вашых руках, роўна так , як і будучыня краіны. Я хачу пажадаць вам не проста марыць. Я хачу пажадаць вам ставіць вялікія мэты перад сабой. І самае галоўнае – імкнуцца да іх рэалізацыі.
Ірына Фёдараўна падкрэсліла важнасць кожнага чалавека ў дасягненні сумесных поспехаў універсітэта.
– Мы за мінулы год дасягнулі з вамі вялікіх вяршынь. Сярод іх ёсць як асабістыя перамогі, так і нашыя агульныя дасягненні. Я кажу вялікі дзякуй усім вам. Толькі той, хто ідзе наперад, дасягае новых вяршынь. Нашы перамогі павінны даць нам новыя сілы і ўпэўненасць у тым, што мы можам ўсё. Я не раз паўтарала, што ўніверсітэт без людзей – гэта проста сцены. Жыццё ў яго ўдыхаюць людзі. Тое, якім будзе наступны год, залежыць ад вас, ад нас і ад вас з намі. У добры шлях, новых дасягненняў, поспехаў і рэалізацыі ўсіх вашых мар.
Віншуючы купалаўцаў з новым навучальным годам, Ірына Старавойтава падкрэсліла неабходнасць бесперапыннага развіцця кожнага чалавека на працягу ўсяго жыцця.
– У вас ёсць магчымасць мець дачыненне да развіцця новых навуковых школ, быць даследнікамі, аналітыкамі. Ідзіце наперад, стаўце перад сабой самыя амбіцыйныя мэты і дасягайце іх. Я ўпэўнена, што дзякуючы таму, што вы набудзеце тут неабходныя веды, уменні і навыкі, вы станеце сапраўднымі прафесіяналамі, кампетэнтнымі людзьмі. Памятайце, што няма сёння адукацыі на ўсё жыццё - ёсць адукацыя праз усё жыццё. Вы павінны развіваць сябе бясконца, кожны раз ставячы сабе новыя мэты і дасягаючы іх.
Ірына Анатольеўна таксама пажадала цярпення бацькам і педагогам.
–Я жадаю вам на гэтым цяжкім, цярністым, але такім цікавым шляху перамог. Хай няўдачы вас толькі загартоўваюць і робяць вашу асобу мацней, і спрыяюць таму, што вы будзеце па-сапраўднаму паспяховымі, - адзначыла першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Словы віншаванні з Днём ведаў у адрас акадэмічнай супольнасці купалаўцаў выказаў і Мікалай Мельячэнка. Ён пажадаў не губляць станоўчы эмацыянальны зарад увесь навучальны год.
У рамках мерапрыемства адбылося ўрачыстае ўручэнне рэктарам і запрошанымі гасцямі пасведчанняў аб занясенні на дошку гонару "Імі ганарыцца ўніверсітэт" лепшым студэнтам і аспірантам ГрДУ імя Янкі Купалы, якія дабіліся поспехаў у адукацыі, навуцы, творчасці і спорце.
Завяршылася мерапрыемства агульным фатаграфаваннем на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга.