Урачыстую клятву прамовілі 30 студэнтаў другога курсу ў прысутнасці гасцей і бацькоў.
Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла, што прамаўленне клятвы сімвалічна прымеркавана да Дня мытніка Беларусі.
– Сёння вы ў першы раз апранулі мытную форму, якая ўжо шмат да чаго вас абавязвае. Памятайце, што ў словах гэтай клятвы закладзены глыбокі сэнс. Памятайце, што вы - твар нашай дзяржавы. Вы будзеце сустракаць на мяжы тых, хто прыязджае ў нашу краіну, і тых, хто з яе выязджае. Прэстыж дзяржавы - гэта тое, што павінна быць галоўным для кожнага. Вы выбралі гэтую прафесію, прыйшлі ў яе свядома. Я жадаю вам паспяховай вучобы і паспяховага прафесійнага шляху, - накіравала словы пажаданняў будучым мытнікам Ірына Фёдараўна.
Начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні, Дзяржаўны саветнік мытнай службы III рангу Андрэй Кавальчук адзначыў, што сярод задач, якія стаяць перад мытнымі органамі - абарона інтарэсаў дзяржавы і бяспека нашых грамадзян.
– Для вас гэта пачатак шляху. Памятайце, што галоўныя памочнікі мытніка - гэта яго глыбокія рознабаковыя веды і заканадаўства, і ўсіх абласцей народнай гаспадаркі, эканомікі. Я ўпэўнены, што ў вас усё атрымаецца, а Гродзенская рэгіянальная мытня дапаможа ў вашых дасягненнях, - падкрэсліў Андрэй Мікалаевіч.
Клятву ад асобы студэнтаў 2 курса спецыяльнасці «Мытная справа» прамовіла Ганна Мыслівец. Студэнты прысягнулі на вернасць Універсітэту, Радзіме і Народу і пакляліся прыкладаць намаганні для сістэмнага і глыбокага авалодання тэарэтычнымі ведамі, практычнымі навыкамі і сучаснымі метадамі даследаванняў па абранай спецыяльнасці, своечасова і якасна выконваць распараджэнні адміністрацыі ўніверсітэта і факультэта, выконваць правілы ўнутранага распарадку для навучэнцаў, Канстытуцыю і іншыя нарматыўна-прававыя акты Рэспублікі Беларусь, паважаць гонар і годнасць удзельнікаў адукацыйнага працэсу, горда несці званне студэнта ўніверсітэта, праслаўляць alma mater сваімі справамі і ўчынкамі, паважаць традыцыі беларускага студэнцтва і народа, накіроўваць атрыманыя веды на ўмацаванне магутнасці і росквіт Радзімы.
Дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава павіншавала студэнтаў са святам, а таксама зачытала віншавальныя словы ад Таццяны Пруцько - выпускніцы юрыдычнага факультэта 1997 года, мамы адной са студэнтак другога курса спецыяльнасці «Мытная справа».
Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства уручэннем сімвалічных падарункаў ад Гродзенскай рэгіянальнай мытні рэктару ўніверсітэта Ірыне Кітурка, а таксама юрыдычнаму факультэту.