Узнагароджанне прызёраў і пераможцаў конкурсу студэнцкіх работ у галіне сувязяў з грамадскасцю, рэкламы і медыйных тэхналогій адбылося 23 кастрычніка ў Маскве. Удзел у цырымоніі прынялі студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
Нагадаем, што пераможцам у намінацыі «Сувязі з грамадскасцю, рэклама і медыйныя тэхналогіі ў міжнароднай сферы» прызнаны праект «Музыка стагоддзяў», аўтарамі якога з'яўляюцца выпускнікі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дар'я Гаўрыльчук, Дзмітрый Станкевіч, Мікіта Каранкевіч і студэнт 3 курса спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» Уладзімір Гангала. Праект выкананы пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры журналістыкі Ірыны Герасімчык.
У намінацыі «Сувязі з грамадскасцю, рэклама і медыйныя тэхналогіі ў спорце» дыпломам III ступені ўзнагароджаны праект «Хата для фаната», падрыхтаваны студэнткамі 4 курса спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» Жанай Дзянішчык і Юліяй Мамайка пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры журналістыкі Сяргея Ляшука.
На працягу двух дзён для пераможцаў і ўдзельнікаў арганізавана праграма дзясятага ўсерасійскага форуму «Мы ствараем будучыню», у рамках якога канкурсанты наведаюць тэатр МХАТ імя Горкага, экскурсію ў інфармацыйнае агенцтва ІТАР-ТАСС і музей касманаўтыкі.
Усяго ў рамках конкурсу студэнты і выпускнікі ўніверсітэтаў Беларусі і Расіі прэзентавалі свае працы ў дзесяці намінацыях на тэму спорту, космасу, медыцыны, кінаіндустрыі, экалогіі, фінансавай пісьменнасці, прафесійнага іміджу, GR, універсітэт 4.0 і іміджу гарадоў.
Варта адзначыць, што купалаўцы не раз прэзентавалі свае праекты і займалі прызавыя месцы на конкурсах, сярод якіх конкурс start-up праектаў «ІнвестУікенд» і Міжнародны адкрыты студэнцкі камунікацыйны форум «PR-кветка».