Урачыстае ўручэнне дыпломаў адбылося ў ГрДУ імя Янкі Купалы 30 кастрычніка.
20 выпускнікоў аспірантуры ГрДУ імя Янкі Купалы ў гэтым годзе атрымалі дыпломы даследчыка. Рукапісы дысертацый на камісію прадставілі па гуманітарных галінах навукі 13 чалавек і 7 па прыродазнаўчых.
Са словамі віншавання да выпускнікоў звярнуўся першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў. Ён адзначыў, што для падрыхтоўкі дысертацыі патрабуецца арганізаванасць і штодзённая сістэмная работа. «Калі працаваць штодня, то ў адпаведнасці з законам пераходу колькаснай энергіі ў якасную у хуткім часе прыйдзе вынік - артыкулы і гатовы тэкст дысертацыі», - падзяліўся асабістым вопытам Алег Аляксандравіч.
Ад асобы навуковых кіраўнікоў выступіў прафесар, доктар біялагічных навук Ілля Заводнік. Ён падкрэсліў, што званне даследчыка - гэта вельмі высокае званне, а даследаваць законы прыроды - самы захапляльны занятак. «У навуцы вельмі шмат руціннай штодзённай працы, але разам з тым, вырашаючы пэўныя задачы, вы адкрываеце для сябе нешта новае. Навукай трэба займацца, таму што гэта вельмі цікава і гэта дастаўляе вялікае ўнутранае задавальненне. Тое, што вы знаходзіце, не ведае ніхто, вы - першы чалавек, які пазнае гэты факт або гэтую заканамернасць», - адзначыў Ілля Барысавіч.
Словы падзякі ў адрас адміністрацыі ўніверсітэта, рэктарата, навуковых кіраўнікоў, супрацоўнікаў факультэтаў і аддзела падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі прагучалі ад выпускніцы аспірантуры філалагічнага факультэта Наталлі Леўчанка.
З цяперашняга выпуску 12 выпускнікоў аспірантуры застануцца працаваць у сценах купалаўскага ўніверсітэта, а 8 вернуцца ў арганізацыі-заказчыкі паслявузаўскай падрыхтоўкі.