31 кастрычніка ў канцэртнай зале ГрДУ імя Янкі Купалы было горача: вырашалася галоўная інтрыга года. Адзінаццаць студэнтаў купалаўскага ўніверсітэта змагаліся за тытул “Студэнт года – 2018”. Па выніках конкурсу ўладальніцай ганаровага тытула стала студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Паліна Бубешка.
Пад бурныя авацыі вядучыя – да слова, Містар універсітэт – 2018 Мікіта Гура і Студэнтка года – 2017 Аляксандра Радковіч – прадставілі канкурсантаў. У гэтым годзе ўдзельнікамі сталі студэнтка факультэта матэматыкі і інфарматыкі Паліна Платава, студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Віялета Календовіч, студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Уладзімір Гангала і Наталля Васілюк, студэнтка факультэта псіхалогіі Вікторыя Хомчык, студэнткі юрыдычнага факультэта Бажэна Ярэміч і Ірына Кулініч, студэнтка інжынерна-будаўнічага факультэта Дар’я Раманоўская, студэнтка педагагічнага факультэта Люцына Занеўская, студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Паліна Бубешка.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, вітаючы прысутных, адзначыла святочную атмасферу мерапрыемства.
– Праз некалькі гадзін стане вядома імя таго, хто сёння атрымае тытул “Студэнт года – 2018”. Я свядома не кажу лепшы студэнт, таму што пераканана – усе студэнты, якія вучацца ў ГрДУ імя Янкі Купалы, – лепшыя. Са сваімі якасцямі, непаўторнымі рысамі, жаданнем да імправізацыі.
Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што кожны з тых, хто сёння стаіць на гэтай сцэне, ужо стаў пераможцам.
– Сёння тыя, хто выйшаў на гэтую сцэну, перамаглі сябе. Я хачу пажадаць канкурсантам паказаць усе свае здольнасці і каб поспех быў з вамі, а усім нам добрага вечара і настрою.
Нагадаем, што конкурс праводзіўся ў два этапы. У межах завочнага тура студэнты дэманстравалі свае партфоліа ў конкурсе “Мой мір” і праекты ў конкурсе “Моладзевая ініцыятыва”, а таксама відэаролікі “Я – студэнт”, лепшы з якіх быў прадэманстраваны гледачам.
Першым выпрабаваннем фінала стаў конкурс “Візітоўка”, у межах якога студэнты ў творчай форме прадэманстравалі свае захапленні і дасягнянні як у творчай, так і навуковай, прафесійнай сферах. Канкурсанты спявалі песні, чыталі вершы і танцавалі, расказвалі пра сваё дзяцінства і школьныя гады.
Падчас другога выпрабавання ўдзельнікі дзяліліся сваімі думкамі на тэму развіцця навукі ў сучасным свеце, яе дасягненняў, а некаторыя нават дэманстравалі іх на сцэне. Напрыклад, Віялета Календовіч пафантазіравала на тэму будучага і здзівіла ўсіх дронам, які суправаджаў дзяўчыну на працягу яе чуллівага маналога. Заключным у конкурснай праграме стаў конкурс творчых нумаров, у якім студэнты далі волю фантазіі і прадэманстравалі захапляльныя крэатыўныя выступленні. Бажэна Ярэміч раскрыла свой паэтычны і кулінарны таленты: дзяўчына прачытала свае вершы, прысвечаныя Беларусі, а потым пачаставала гледачоў і членаў журы сапраўднымі беларускімі дранікамі. Сучасную інтэрпрэтацыю папулярнай песні “Колер настрою сіні” на тэму студэнцкага жыцця і танцавальны нумар выканала Вікторыя Хомчык, а Дар’я Раманоўская прадэманстравала сапраўдны тэатральны нумар з жывой музыкай і незвычайным спалучэннем беларускіх народных касцюмаў і танга.
Трэба адзначыць, што тэма беларускай культуры адлюстроўвалася амаль у кожных нумарах выступоўцаў. Канкурсанты выкарыстоўвалі мілагучную беларускую мову, дэманстравалі нацыянальныя строі і танцавалі народныя танцы.
І вось – кульмінацыя святочнага вечара: таемны канверт з імёнамі пераможцаў у руках рэктара, якая пэўны час трымае залю ў інтрыгуючым напружанні.
– Эмоцыі ў гэтай зале сёння зашкальваюць. Я хачу сказаць вялікі дзякуй канкурсантам і групам падтрымкі! Сённяшні конкурс быў пранізаны патрыятызмам, любоўю да сваёй радзімы, – адзначыла Ірына Кітурка. – Я – шчаслівы рэктар, таму што ёсць такія студэнты, як вы! – дадала Ірына Фёдараўна.
Па выніках усіх конкурсных этапаў былі названы пераможцы і прызёры “Студэнта года – 2018”. Пераможцам конкурса стала студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Паліна Бубешка. Дыпломам II ступені ўзнагароджана студэнтка юрыдычнага факультэта Ірына Кулініч, якая таксама запісала цікавую замалёўку пра сваё студэнцкае жыццё і перамагла ў намінацыі “Лепшы відэаролік”. На трэцім месцы – студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Віялета Календовіч.
Адзначым, што ў гэтым годзе асабліва актыўна праявілі сябе групы падтрымкі, якія заўзелі за сваіх сяброў: студэнты розных факультэтаў на працягу ўсяго вечара энергічна скандзіравалі дывізы і вершы ў гонар канкурсантаў, таму члены журы не змаглі абраць адну групу-пераможцу. Так, першынство ў гэтым конкурсе падзялілі каманды факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання, інжынерна-будаўнічага і юрыдычнага факультэтаў.
Акрамя пераможцаў таксама былі названы ўладальнікі спецыяльных намінацый. Дыпломам у намінацыі “Студэнцкая садружнасць” была ўзнагароджана Наталля Васілюк, лепшае партфоліа прадставіла Паліна Платава, у намінацыі “За захаванне факультэцкіх традыцый” перамагла Люцына Занеўская, у катэгорыі “Аратарскае мастацтва” першай стала Дар’я Салей, Вікторыя Хомчык перамагла ў намінацыі “Рабі дабро”, Уладзімір Гангала ўзнагароджаны дыпломам за “Імкненне да адзінства”, лепшую візітоўку падрыхтавала Дар’я Раманоўская, за выкананне чуллівых уласных вершаў намінацыяй “Майстар паэтычнага слова” ўзнагароджана Бажэна Ярэміч, студэнтам-вучоным года стала Паліна Платава, а аўтарам лепшага праекта названа Дар’я Раманоўская.