Новы будынак Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы адкрылі ў Гродне.
Удзельнікамі ўрачыстай цырымоніі адкрыцця сталі кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віктар Шэйман, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віктар Сняжыцкі, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Песціс, дырэктар кампаніі- забудоўшчыка ТАА «Падмурак-строй» Андрэй Каморнікаў і дырэктар IT-кампаніі «НейРыка-Тэхналогіі».
У новым будынку Навукова-тэхналагічнага парку размясцілася пяць навукова-вытворчых лабараторый, адміністрацыйныя офісы рэзідэнтаў тэхнапарку, канферэнц-зала, Fablab- і Каворкінг зоны, вытворчыя памяшканні. Агульная плошча будынка складае крыху больш за 1 тысячу м2. Тэхнапарк закліканы аб'яднаць патэнцыял вучоных і магчымасці прадпрыемстваў і арганізацый Гродзенскага рэгіёну, стаць тэрыторыяй, дзе ствараюцца новыя высокакваліфікаваныя працоўныя месцы і высокатэхналагічныя вытворчасці, што дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі рэгіёну.
«Тэхнапарк - сумесны праект аблвыканкама і ГрДУ імя Янкі Купалы, і мы яго крок за крокам рэалізуем. Сёння зрабілі чарговы крок - адкрылі першы будынак тэхнапарку. Гэта шматфункцыянальны цэнтр, які паслужыць рашэнню задач, якія стаяць перад тэхнапаркам. І галоўная - інавацыі. Ад ідэй, распрацовак да ўкаранення ў вытворчасць. Тэхнапарк дазволіць злучыць тры важныя складнікі паспяховага развіцця эканомікі нашага рэгіёну і краіны: адукацыю, навуку і камерцыялізацыю перспектыўных навуковых распрацовак. Акрамя таго, дадзены стартап дазволіць вырашыць адну з прыярытэтных дзяржаўных задач - стварыць умовы для развіцця прасунутай, адоранай моладзі, якой у нас у рэгіёне вельмі шмат», - адзначыў губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў.
Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка падкрэсліла, што навукова-тэхналагічны парк - інавацыйнае ядро канцэпцыі «Універсітэт 3.0», якую на сваёй базе ўкараняе купалаўскі ўніверсітэт. «Адкрыццё тэхнапарку не толькі дае магчымасць развіваць прадпрымальніцкія кампетэнцыі нашых студэнтаў, але і фармаваць у рэгіёне патрэбы да апераджальнага развіцця эканомікі, сацыяльнай сферы і грамадства ў цэлым», - патлумачыла Ірына Кітурка.
Госці ўрачыстага мерапрыемства пазнаёміліся з абсталяваннем лабараторый тэхнапарку, распрацоўкамі вучоных ГрДУ імя Янкі Купалы, працай Fablab зоны. Акрамя таго, у Каворкінг зоне яны пагутарылі са студэнтамі, удзельнікамі фіналу ўніверсітэцкага адкрытага конкурсу студэнцкіх стартап-праектаў «ИнноСтарт», пераможцы якога атрымаюць магчымасць бясплатнага кансультавання па пытаннях пачатку бізнесу з экспертамі і спецыялістамі Навукова-тэхналагічнага парку.
Працягам мерапрыемства стаў круглы стол, дзе адбылося абмеркаванне задач па развіцці тэхнапарку. Падчас дыялогу кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віктар Шэйман адзначыў, што першарадным сёння ва ўмовах дынамічнага развіцця сусветнай эканомікі, з'яўляецца не толькі вынік пэўнай працы, але таксама ўменне бачыць перспектыву развіцця на некалькі гадоў наперад. «У першую чаргу мы павінны клапаціцца аб падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў. Такія тэхнапаркі павінны быць ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. Гэта дазволіць нашай перспектыўнай моладзі рэалізоўваць сябе і ўвасабляць у жыццё інавацыйныя ідэі, якія дапамогуць развіццю нашай краіны», - падкрэсліў Віктар Шэйман.
У рамках мерапрыемства адбылося падпісанне дамовы аб сумеснай інавацыйнай дзейнасці з яшчэ адным рэзідэнтам тэхнапарку - IT-кампаніяй «Нейрыка-Тэхналогіі», якая прадастаўляе камунікацыйныя паслугі для эфектыўнага развіцця бізнесу на аснове ўласнай хмарнай платформы. Як адзначыў дырэктар кампаніі Максім Міхайлаў, у Беларусі створаны ўсе ўмовы для вядзення паспяховага бізнесу. «У Гродне за два месяцы мы падрыхтавалі дакумэнты і падпісалі дамову аб статусе рэзідэнта. Усё вельмі хутка і зладжана. Фактычна заўтра можна пачынаць працу. Галоўнае тое, што ў вас ёсць кадры, якія маюць высокі ўзровень кампетэнцый, для рэалізацыі пастаўленых намі задач, распрацоўкі і прасоўвання нашага прадукту», - паведаміў дырэктар ТАА «Нейрыка-Тэхналогіі». Для арганізацыі сваёй дзейнасці кампанія плануе стварыць 45 новых працоўных месцаў.
Сярод праектаў, якія рэалізуюцца сёння рэзідэнтамі тэхнапарку - IT-праект па рэалізацыі задач пабудовы лічбавай эканомікі і першая ў Беларусі вытворчасць абсталявання для правядзення дыягностыкі стану каналізацыйных трубаправодаў.
Адкрыццё новага будынка тэхнапарку - гэта чарговы этап яго развіцця. У наступным годзе плануецца рэканструяваць яшчэ адзін будынак плошчай больш за 6 тысяч м2, што дасць магчымасць прыцягнуць новых рэзідэнтаў і ствараць вытворчасці рознага маштабу. Кожны рэзідэнт тут зможа падабраць памяшканне ў адпаведнасці з мэтамі і спецыфікай сваёй працы.