Сустрэча студэнцкага актыву трох універсітэтаў Гродзеншчыны ўпершыню прайшла ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Студэнтаў павітала рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што такая сустрэча арганізавана ўпершыню і сабрала найбольш актыўных студэнтаў трох універсітэтаў. «Падчас нядаўняга візіту ў наш універсітэт Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значнасць таго, што за адным сталом сабраліся студэнты трох універсітэтаў. І пажадаў не губляць гэтую сувязь, што мы сёння і робім». Таксама Ірына Кітурка павіншавала ўдзельнікаў мерапрыемства з Днём студэнта і пажадала, каб студэнцкія гады далі паспяховы старт для будучай прафесійнай дзейнасці.
Прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Сянько адзначыў што, усе мерапрыемствы, якія арганізоўваюць студэнты ў рамках сваіх універсітэтаў, зараз змогуць вывесці на новы ўзровень, аб'яднаўшы намаганні і праявіўшы ініцыятыву стварэння новых праектаў.
У ходзе мерапрыемства студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта абмеркавалі працу першасных арганізацый прафкама і БРСМ, а таксама магчымасці абмену вопытам, правядзення сумесных мерапрыемстваў і рэалізацыі міжуніверсітэцкіх праектаў. У прыватнасці, студэнты казалі аб арганізацыі Гродзенскай студэнцкай Лігі КВЗ і правядзенні міжуніверсітэцкага конкурсу першакурснікаў, накшталт «Alma mater», якія праходзяць у купалаўскім і медыцынскім універсітэтах, і «Шоу першакурснікаў» у аграрным універсітэце. Былі агучаны ідэі міжвузаўскіх гульняў «Што? Дзе? Калі?», Конкурсу «Містэр Гродна» і навагодняга канцэрта сіламі студэнтаў трох універсітэтаў. У ліку прапаноў - турыстычны і ваенна-спартыўны злёты, квэсты і студэнцкая вечарына.
На заканчэнне сустрэчы ўдзельнікі мерапрыемства зрабілі сумеснае фота на памяць.