Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Сацыяльныя, культурныя і камунікатыўныя практыкі ў дынаміцы грамадскага развіцця» стартавала ў ГрДУ імя Янкі Купалы 29 лістапада.
Удзельнікамі форуму сталі 118 навукоўцаў 32 навуковых і адукацыйных арганізацый Азербайджана, Беларусі, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, Украіны.
Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў адзначыў актуальнасць яе пытанняў у сучасным свеце.
– Вельмі важнай сёння з'яўляецца праца з гуманітарнымі тэхналогіямі, праца з веданнем, накіраваная на тое, каб спарадзіць пэўную карціну свету ў свядомасці людзей, прапанаваць новыя каштоўнасці і вобразы рэчаіснасці.
Ён падкрэсліў, што ў ГрДУ імя Янкі Купалы створаны ўсе ўмовы для функцыянавання і развіцця гуманітарных тэхналогій. Ва ўніверсітэце ў апошнія гады актыўна рэалізуецца тэндэнцыя міждысцыплінарнасці як у адукацыйным працэсе, так і ў навуковай дзейнасці.
– Сёння, падчас асабістых зносін, мы можам усталяваць новыя навуковыя сувязі, прапанаваць адзін аднаму праекты, якія будзем развіваць заўтра. Упэўнены, канферэнцыя стане пляцоўкай для вызначэння вектара будучага супрацоўніцтва, - падкрэсліў Алег Раманаў і пажадаў усім паспяховай працы і канструктыўнага дыялогу.
У сваім прывітальным слове дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Тамара Піваварчык адзначыла, што для ўніверсітэта вельмі важна такое міжнароднае выніковае партнёрства, якое працягваецца ўжо не першае дзесяцігоддзе. Яна распавяла, што сёння трансдысцыплінарнасць становіцца асновай для навуковых даследаванняў, адукацыйнага працэсу і нават мыслення сучаснага вучонага.
– Я ўпэўнена, што на працягу двух дзён канферэнцыі нашы дыскусіі будуць актыўнымі, прадуктыўнымі і выніковымі! - дадала Тамара Піваварчык.
У рамках канферэнцыі будуць разгледжаны найбольш дынамічныя працэсы, якія адбываюцца ва ўмовах сучаснага лічбавага асяроддзя, звязаныя з тэхналогіямі міжкультурнай камунікацыі і інтэрнэт-зносін, сацыяльнымі практыкамі штодзённасці. Асаблівую ўвагу плануецца надаць пытанням сацыяльнай гісторыі і гістарычнай антрапалогіі, праблемам фарміравання гістарычнай свядомасці, асэнсавання міждысцыплінарнасці ў навуковым пошуку.
29 лістапада праходзіць пленарнае пасяджэнне і абмеркаванне прадстаўленых дакладаў. У другі дзень канферэнцыі, 30 лістапада, даследчыкі абмяркуюць актуальныя пытанні па чатырох асноўных напрамках: «Гістарычныя працэсы скрозь прызму развіцця сацыякультурных практык», «Сацыялогія і сацыяльная практыка: агентнасць, дзеянне, сэнс», «Міжкультурная камунікацыя ў інстытуцыйных і паўсядзённых практыках» і «Мова і дыскурс сучасных масмедыя».
У рамках пасяджэння круглага стала «Культура камунікацый ва ўмовах лічбавай і сацыякультурнай глабалізацыі» адбудзецца абмеркаванне матэрыялаў, атрыманых у выніку рэалізацыі сумеснага праекта расійскіх і беларускіх вучоных «Культура камунікацый ва ўмовах лічбавай і сацыякультурнай глабалізацыі: глабальны і рэгіянальны аспекты», якое ажыццяўляецца пры падтрымцы РФФІ і БРФФД.
Для ўдзельнікаў канферэнцыі будуць прэзентаваныя творчыя працы студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы. Навукоўцы наведаюць гістарычныя месцы Гродна, сольны канцэрт музычнага тэатра "Рада", Гродзенскі абласны драматычны тэатр, культурны цэнтр «Фестывальны» і Гродзенскую выставачную залу.