VI Форум маладых журналістаў «Агульны погляд у будучыню. Інтэрнэт-журналістыка сёння і заўтра» прайшоў 29-30 лістапада ў Гродне на базе ГрДУ імя Янкі Купалы. Яго ўдзельнікамі сталі больш за 120 журналістаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
У пленарным пасяджэнні прынялі ўдзел Першы намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Павел Лёгкі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі, прарэктар па выхаваўчай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Васілій Сянько, сакратар Цэнтральнага камітэта ГА БРСМ Юлія Зінкевіч і намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз журналістаў» Сяргей Свяркуноў.
Ад асобы рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка павітаў удзельнікаў форуму і пажадаў усім плённай працы прарэктар па выхаваўчай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Васілій Сянько. Васілій Васільевіч адзначыў, што ў ГрДУ імя Янкі Купалы ўжо больш за 10 гадоў вядзецца падрыхтоўка студэнтаў па спецыяльнасці "Журналістыка". На працягу ўсяго навучання яны апускаюцца ў будучую прафесійную сераду ў рэдакцыях тэле- і радыёкампаній, з якімі ўніверсітэт паспяхова ўзаемадзейнічае ў рамках інавацыйнага медыйнага кластара. Выпускнікі ўніверсітэта працуюць не толькі ў мас-медыя Гродзенскай вобласці, але і па ўсёй краіне.
Пра актуальныя тэндэнцыі ў інтэрнэт-журналістыцы і адказнасць, якая сёння ляжыць на сучасным журналісце распавёў Першы намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Павел Лёгкі. Ён таксама адзначыў неабходнасць развіцця інтэрнэт-журналістыкі раўнамерна па ўсіх рэгіёнах краіны.
Па словах Паўла Лёгкага, можна далучаць ў журналістыку людзей не з прафесійнай сферы ў якасці дапамогі для прэсы. Аднак Павел Мікалаевіч падкрэсліў, што журналістыкай ўсё ж павінны займацца прафесіяналы. На пытанне пра канфлікт паміж традыцыйнымі СМІ і інтэрнэтам Павел Лёгкі ўпэўнена адказвае: ніякага канфлікту няма. На яго думку, сёння гэтыя дзве сферы вельмі цесна пераплеценыя адна з адной:
– Не трэба думаць, як змагацца з інтэрнэтам - гэта ваша пляцоўка! - упэўнены першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Павел Мікалаевіч асабліва адзначыў неабходнасць бесперапыннага прафесійнага развіцця для кожнага, хто працуе ў гэтай сферы:
–Калі вы хочаце расці прафесійна - вы павінны вучыцца! Неабходна, утварацца, расці, нарошчваць свае кампетэнцыі на сучасных трэндах развіцця вобласці.
Пра адказнасць журналіста казала і сакратар Цэнтральнага камітэта ГА БРСМ Юлія Зінкевіч:
– Менавіта ад вас, маладых журналістаў і блогераў, сёння ў большай ступені залежыць тое, як нас адчуваюць, прымаюць і ўспрымаюць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Важна, каб вашы матэрыялы былі не проста словамі абыякавага рэпарцёра, а матэрыялізаваліся ў тэксце думкамі і пачуццямі.
У рамках пленарнага пасяджэння адбылося ўзнагароджанне пераможцаў прэміі «Дэбют» Беларускага саюза журналістаў.
–Прэмія «Дэбют» была заснаваная 7 гадоў таму і была прымеркавана да першага форуму маладых журналістаў. У 2018 годзе на конкурс было заяўлена больш за 30 работ. Практычна ўсіх аўтараў можна назваць лаўрэатамі, аднак неабходна было зрабіць выбар на карысць 13 чалавек, - распавёў намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз журналістаў» Сяргей Свяркуноў.
У намінацыі «Лепшы аўтар рэгіянальных і карпаратыўных СМІ» названыя рэдактар інтэрнэт-рэсурсу рэдакцыі "Аршанская газета" Іна Касінец і карэспандэнт аддзела лістоў і права рэдакцыі «Гродзенская праўда» Ганна Радзюк.
Узнагароды ў намінацыі «Лепшы аглядальнік» уручаны спецыяльнаму карэспандэнту аддзела журналісцкіх расследаванняў Выдавецкага дома «Беларусь Сегодня» Яну Журу, карэспандэнту аддзела грамадска-палітычнага жыцця і права рэдакцыі газеты «Гомельская праўда» Вікторыі Кашпур, аглядальніку рэдакцыі газеты «Заря» Марыне Ляшкевіч.
Намеснік начальніка 1-га карэспандэнцкага аддзела ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр» Алег Некала - лепшы фотакарэспандэнт, відэааператар, дызайнер (мастак) медыя. Лепшым вядучым радыёпраграмы стала рэдактар аддзела вытворчасці радыёпраграм Тэлерадыёкампаніі "Віцебск" Валерыя Фадзеева, а лепшым вядучым тэлепраграмы - рэдактар сектара падрыхтоўкі тэлевізійных праграм Тэлерадыёкампаніі «Гомель» Наталля Капрыленка.
Фотакарэспандэнт ІА «Магілёўскія ведамасці» Марыям Табагары атрымала дыплом у намінацыі «Лепшы праект аўтарскай канвергентнай журналістыкі». Адразу тры маладыя журналісты адзначаны ў намінацыі «Лепшы рэпарцёр». Гэта карэспандэнт аддзела спецпраектаў УП «Агенцтва «Мінск-Навіны» Анастасія Даніловіч, аглядальнік рэдакцыі газеты «Сельская газета» Таццяна Бізюк і карэспандэнт рэдакцыі газеты «Рэспубліка» Ілля Краскоўскі. Загадчыцы аддзелам лістоў і культуры рэдакцыі газеты "Адзінства" Маргарыце Кароль уручана ўзнагарода ў намінацыі «Лепшая публікацыя аб дзейнасці грамадскіх арганізацый Беларусі».
Для удзельнікаў VI Форуму маладых журналістаў «Агульны погляд у будучыню. Інтэрнэт-журналістыка сёння і заўтра» былі праведзены майстар-класы ад прафесіяналаў у сферы інтэрнэт-прасоўвання. Аб тэхналогіях стварэння і прасоўвання YouTube канала распавёў дырэктар па маркетынгу групы кампаній Media Cube Яўген Салановіч, тэму прасоўвання кантэнту СМІ ў сацыяльных сетках раскрыў заснавальнік і дырэктар кампаніі Web & Market, спікер акадэміі Webcom Сяргей Кузьменка, а кіраўнік агенцтва «PRview» Дзяніс Блішч навучыў удзельнікаў форуму правільна будаваць асабісты брэнд у соцсетях.