Тэма «Моладзь: свабода і адказнасць» аб'яднала 180 удзельнікаў канферэнцыі.
Удзельнікамі пленарнага пасяджэння сталі першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Аляксандр Сонгін, архіяпіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Высокапраасвяшчэннейшы Арцемій, выкладчыкі, магістранты і студэнты гродзенскіх і мінскіх універсітэтаў, настаўнікі, навучэнцы старэйшых і сярэдніх класаў школ і каледжаў з Гродна, Скідзеля, Азёраў, Шчучына, Дзятлава, Ваўкавыска, Турца, Смаргоні, Астраўца, Слоніма, а таксама прадстаўнікі духавенства.
Па традыцыі, у пачатку пленарнага пасяджэння перад удзельнікамі канферэнцыі выступіў камерны хор Гродзенскага музычнага каледжа пад кіраваннем Ларысы Іконнікавай. Салісты хору выканалі царкоўныя спевы, а таксама калядкі - як сімвал надыходзячага свята.
З прывітальным словам да прысутных ад імя рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка звярнуўся першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў:
–Праца VІI Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытанняў ужо стала традыцыйнай падзеяй у супрацоўніцтве ўніверсітэта і царквы. Узаемадзеянне ГрДУ імя Янкі Купалы з Беларускай праваслаўнай царквой - гэта адно з важных напрамкаў у дзейнасці ўніверсітэта, якому мы ўдзяляем шмат увагі. Каложскія чытанні - гэта яркая культурная падзея, - адзначыў першы прарэктар.
Алег Аляксандравіч пажадаў усім цікавай і яркай працы:
– Сёння мы зможам абмеркаваць новыя ідэі, абмяняцца назапашаным вопытам, а прысутныя тут студэнты і вучні - атрымаць новыя веды і здабыць значныя для сябе сэнсы, ідэі і каштоўнасці.
Аб неабходнасці выхавання ў маладым пакаленні маральных і духоўных каштоўнасцяў казаў архіяпіскап Арцемій.
– Пытанні, якія мы падымаем сёння - жыццёва важныя: моладзь, свабода, адказнасць. Мы часта кажам, што моладзь - гэта будучыня, аднак Патрыярх Кірыл у адным са сваіх выступаў правільна адзначыў, што моладзь - гэта наша сучаснасць.
Ён таксама адзначыў, што лёс сучаснай царквы ў руках маладых людзей.
Пра супрацоўніцтва органаў улады з Беларускай Праваслаўнай царквой у галіне адукацыі распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Аляксандр Сонгін. Ён прэзентаваў удзельнікам канферэнцыі асноўныя праекты, якія рэалізуюцца ў гэтай сферы.
–Чалавечая свабода ва ўсіх яе праявах, у тым ліку палітыцы, эканоміцы, сацыяльным і культурным жыцці павінна суправаджацца маральнай адказнасцю. У гэтым пытанні важная сумесная дзейнасць органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў адукацыі, сям'і, структур Беларускай Праваслаўнай царквы, грамадскасці, - падкрэсліў Аляксандр Сонгін.
У рамках пленарнага пасяджэння адбылося ўзнагароджанне намінантаў Гродзенскай епархіі конкурсу Беларускага экзархата «Маральны подзвіг настаўніка». Граматамі за другое месца ўзнагароджаны Алена Бандарчук, Кацярына Коласава, Дзмітрый Трафімаў ў намінацыі «Лепшая інавацыйная распрацоўка года», трэцяе месца ў намінацыі «За арганізацыю духоўна-маральнага выхавання ва ўстанове адукацыі» заняў дырэктар 38 школы горада Гродна Сяргей Кісялёў.
Сёння ўдзельнікі канферэнцыі ў фармаце круглага стала абмяркуюць тэму «Свабода чалавека: дар ці цяжар?», будзе працаваць дыскусійная пляцоўка «Мая будучыня - на Радзіме ці за мяжой».
6 снежня пройдзе прэзентацыя педагагічнай майстэрні для намеснікаў загадчыка па асноўнай дзейнасці і выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі «Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей: педагагічная падтрымка развіцця адказнасці ў маладых бацькоў», а таксама адбудуцца секцыйныя пасяджэнні.
Варта адзначыць, што мерапрыемства з'яўляецца рэгіянальным этапам Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў, якія рэгулярна праводзяцца ў Маскве пад эгідай РПЦ. Арганізатарамі Каложскіх чытанняў штогод выступаюць кафедра рускай філалогіі філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, а таксама Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі.