Прадстаўнікі кіраўніцтва ўніверсітэта і горада сабраліся, каб павіншаваць з Днём нараджэння паважанага юбіляра ГрДУ імя Янкі Купалы, Ганаровага грамадзяніна горада Гродна Алену Цюненкову.
Ад імя рэктара ўніверсітэта Ірыны Кітурка Алену Уладзіміраўну павіншаваў першы прарэктар Алег Раманаў:
– Мы ганарымся тым, што алімпійская чэмпіёнка, чалавек высокага прафесіяналізму працуе менавіта ў нашым універсітэце. Несумненна, спалучэнне волі і чалавечай маральнасці прывяло вас да поспеху. Гэта менавіта тыя якасці, якія так актуальныя сёння для сучаснага маладога пакалення на шляху да прафесійнага росту і станаўлення, - адзначыў Алег Аляксандравіч.
Ад імя кіраўніцтва Гродзенскага гарвыканкама словы віншаванні ў адрас юбіляра вымавіў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Яўген Ародзь.
Да віншаванняў далучыліся дэкан факультэта фізічнай культуры Андрэй Навойчык, загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту Вячаслаў Максімовіч, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання «Ветэраны фізічнай культуры і спорту» Лідзія Шуцікава.
Віталій Храмаў, загадчык кафедры спартыўных дысцыплін, на якой працуе Алена Уладзіміраўна, адзначыў, што Алена Цюненкова - гэта чалавек-легенда, праз вобраз якой мы маем магчымасць сёння дакрануцца да чорна-белых здымкаў эпохі СССР. А таксама ён звярнуў увагу на тое, што Алена Уладзіміраўна - чалавек каманды з ярка выяўленай любоўю да сваёй працы.
Са словам падзякі пасля ўсіх віншаванняў звярнулася да дарагіх гасцей і сама Алена Уладзіміраўна:
– Я вельмі кранутая ўсімі словамі, сказанымі сёння ў мой адрас. Мне заўсёды шанцавала на дружны згуртаваны калектыў, пачынаючы са школьных гадоў. Можа быць, гэта сапраўды мае рысы характару - сталасць, вернасць, таму што я ўсе свае гады правяла тут, у Гродне, дзе прайшло маё дзяцінства і юнацтва. Я ведаю, што гэта маё месца, тут я патрэбна, - прызналася Алена Уладзіміраўна.