Конкурс у другі раз арганізавала супольнасць журналістаў Расіі і Беларусі «Друзья-Сябры».
Удзельнікамі цырымоніі сталі прадстаўнікі беларускіх і расійскіх друкаваных і электронных СМІ Саюзнай дзяржавы, а таксама прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў сферы мас-медыя.
Сустрэчу адкрыла памочнік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Алена Аўчарэнка. У прывітальнай прамове яна падкрэсліла значнасць працы, якую праводзіць супольнасць журналістаў Расіі і Беларусі «Друзья-Сябры» і каштоўнасць асабістага ўкладу кожнага журналіста, які стаў лаўрэатам конкурсу «Залаты Зубр».
Сярод тых, хто атрымаў «Залатога Зубра» у 2018 годзе, - гродзенцы: фотакарэспандэнт газеты "Гродзенская праўда" Міхаіл Ісачэнка, дырэктар тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс» Сяргей Мазайла, а таксама выкладчык кафедры паліталогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Арлукевіч.
На цырымоніі былі не толькі адзначаны ўзнагародамі аўтары лепшых матэрыялаў, прысвечаных тэме Саюзнай дзяржавы. На сустрэчы былі падведзены вынікі працы грамадскай арганізацыі «Друзья-Сябры», міжнароднага медыяклуба «Фармат А3» па развіцці беларуска-расійскай інфармацыйнай прасторы. Актыўным партнёрам у гэтай працы з 2016 года выступае ГрДУ імя Янкі Купалы. У 2018 годзе пры непасрэдным удзеле кафедры журналістыкі факультэта гісторыі камунікацыі і турызму адбыліся Адкрытыя дыялогі з расійскімі медыяперсонамі: Героем Расіі, лётчыкам-касманаўтам Юрыем Батурыным, спецыяльным карэспандэнтам Міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Расія сёння», лаўрэатам прэміі ў галіне фотажурналістыкі World Press Photo-2016 Уладзімірам Песняй, расійскім літаратуразнаўцам і культуролагам, прафесарам Аляксандрам Ужанковым, расійскім палітолагам, вядучым аўтарскай праграмы на радыё «Камсамольская праўда», калумністам «Газеты.Ru» і газеты «Вячэрняя Масква» Георгіем Боўтам, палітолагам, кандыдатам гістарычных навук, прафесарам МДІМА Андранікам Мігранянам, алімпійскай чэмпіёнкай па скачках у ваду, расійскім спартыўным журналістам Аленай Вайцяхоўскай.
З верасня 2018 года штомесяц студэнты спецыяльнасці «Журналістыка» праходзяць навучанне ў школе журналістыкі «Майстэрня BY-RU». Гэтая школа з'яўляецца сумесным праектам Беларускага саюза журналістаў, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, грамадскай арганізацыі «Друзья-Сябры» і міжнароднага медыяклуба «Фармат А3».
Чарговая сустрэча адбудзецца ў ГрДУ імя Янкі Купалы 12 снежня. Кафедра журналістыкі факультэта гісторыі камунікацыі і турызму і міжнародны медыяклуба «Фармат А3» запрашаюць на Адкрыты дыялог з расійскім рэжысёрам-дакументалістам, сцэнарыстам, прадзюсарам, кіраўніком майстэрні УДІК, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі РФ Сяргеем Мірашнічэнка.
Сустрэча адбудзецца ў 15.00 па адрасе Ажэшка, 22, аўд. 318.