Напярэдадні Новага года і Каляд кіраўніцтва і студэнты купалаўскага ўніверсітэта ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» наведалі навагодні ранішнік у інтэрнаце.
Гасцямі Васілішкаўскага дома-інтэрната ў напярэдадні Новага года сталі першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аксана Котава, дацэнт кафедры грамадзянскага права і працэсу Ганна Аўдзей, педагог сацыяльны Валянціна Есіна, удзельнікі праекта "Жывая гісторыя" і студэнты ўніверсітэта. Павіншаваць выхаванцаў з Новым годам прыехалі таксама намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ігар Старавойтаў, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама - начальнік упраўлення пенсій і дапамог Аліна Варанюк, а таксама прадстаўнікі мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, святары.
– Я хачу пажадаць вам радасці, міру, шчасця, сонечных дзён і добрага настрою. У новым годзе сапраўды здараюцца цуды, са святам!– павіншаваў усіх першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў і перадаў інтэрнату сертыфікат на 1500 рублёў, якія былі сабраны падчас дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».
Варта адзначыць, што ў дзяцей была магчымасць напісаць Дзеду Марозу лісты са сваімі запаветнымі жаданнямі, якія выканаў калектыў ГрДУ імя Янкі Купалы. Кожны выхаванец таксама атрымаў ад ад першасных арганізацый ГрДУ імя Янкі Купалы «Белая Русь», «Універсітэт - сад» і Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа салодкі падарунак. Асабліва варта падкрэсліць уклад юрыдычнага, педагагічнага, філалагічнага факультэтаў і факультэта давузаўскай падрыхтоўкі.
Адміністрацыя Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця падзякавала прадстаўнікам Гродзенскага ўніверсітэта за супрацоўніцтва, чуласць і здольнасць суперажываць, уменне і жаданне падтрымаць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе.
–ГрДУ імя Янкі Купалы - гэта наш надзейны і верны сябар. Вялікі дзякуй за тое, што вы падзялілі з намі гэтае свята, за цёплыя словы і падарункі. Мы жадаем вам у новым годзе дабрабыту, здароўя, захаваць і прымножыць усе вашы дасягненні, - падкрэсліў дырэктар установы Здзіслаў Янкевіч.
Уручыўшы падарункі, дарослыя разам з дзецьмі вадзілі карагоды, спявалі навагоднія песні і абменьваліся пажаданнямі дабра і ўдачы ў новым 2019 годзе.
Дарэчы, штогод студэнты-валанцёры і выкладчыкі наведваюць Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця і праводзяць там святочныя мерапрыемствы, арганізуюць у горадзе і ўніверсітэце акцыі, накіраваныя на дапамогу выхаванцам дома-інтэрната.