Убачыць творчыя працы супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на выставе, прымеркаванай да святкавання Нараджэння Хрыстова і Новага года, можна ў чытальнай зале навуковай бібліятэкі да 18 студзеня.
Першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў прывітаў удзельнікаў мерапрыемства і падкрэсліў станоўчы ўплыў творчых здольнасцей супрацоўнікаў на развіццё асобы чалавека, а таксама адзначыў адну з найважнейшых роляў навуковай бібліятэкі – цэнтра культурна-грамадскай дзейнасці:
– Нашыя калегі – гэта творчыя шматгранныя асобы, людзі, якія могуць бачыць свет з пазіцыі прыгажосці і ствараць. Таленавіты чалавек прыцягвае да сябе ўвагу іншых, што вельмі важліва ў дзейнасці педагога, – адзначыў Алег Раманаў і павіншаваў усіх з надыходзячымі святамі.
Вядома, што ніхто не зможа лепш за аўтара расказаць пра свой твор. Таму прэзентавалі свае працы самі творцы. Першай слова было прадастаўлена дацэнту, кандыдату педагагічных навук, выкладчыку кафедры прыродазнаўчанавуковых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Ганне Сідарчук, якая пазнаёміла прысутных з асаблівасцямі тэхнікі вышыўкі ценявой гладдзю і прадэманстравала некалькі сваіх работ. Кіраўнік юрыдычнага аддзела Таццяна Нахільніцкая расказала пра манахромную вышыўку і адзначыла крапатлівасць дадзенай працы, якая патрабуе шмат часу. Бібліятэкар 2 катэгорыі аддзела бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій Ірына Яўгенідзэ расказала пра старажытную тэхніку падвойнага ткацтва, якая з 2011 года ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных скарбаў Рэспублікі Беларусь. Галоўны бібліёграф аддзела камплектавання, навуковай апрацоўкі фондаў і арганізацыі каталогаў Наталля Аляксеева падзялілася гісторыяй стварэння свайго першага вязанага вырабу і расказала аб рэалізацыі сучасных творчых ідэй. Вядучы бухгалтар Таццяна Матушка прадэмантравала свае ўнікальныя тэкстыльныя лялькі і вязаныя з плюшавых нітак цацкі. Спецыяліст 2 катэгорыі дэканата педагагічнага факультэта Ганна Каменева распавяла пра свае вырабы з папяровай лазы і дэкупаж.
Акрамя вырабаў, выстава змяшчае і паэтычныя творы. Спецыяліст вучэбна-метадычнага кабінета факультэта эканомікі і кіравання Галіна Швяцова прачытала ўласныя вершы.
Сімвалічна, што першымі наведвальнікамі выставы сталі ветэраны працы, якія не адно дзесяцігоддзе прысвяцілі самаадданай дзейнасці на карысць роднага ўніверсітэта. Ужо ў час правядзення мерапрыемства ўзнікла ідэя аб стварэнні падобнай выставы, на якой будуць прадстаўлены творчыя працы ветэранаў.
Адкрыццё выставы суправаджалася творчымі нумарамі студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну. Акрамя таго, на выставе прадстаўлены работы разнастайных відаў творчасці: алмазная вышыўка, скрапбукінг, малюнак, вырабы з фетру і многае іншае. Усе ўдзельнікі выставы атрымалі памятныя падарункі, а таксама падзячныя лісты.
Трэба адзначыць, што рганізатарамі мерапрыемства выступілі цэнтр кадравай і прававой работы і навуковая біблітэка ГрДУ імя Янкі Купалы.