Узнагароджанне адбылося 22 студзеня ў рамках VIII Пленума Гродзенскага абласнога камітэта грамадскага аб'яднання Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
У рабоце пленума прыняў удзел сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Юлія Зінкевіч, спецыяліст аддзела праектнай дзейнасці Сяргей Табуліч, першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта Павел Міхалюк і сакратары тэрытарыяльных камітэтаў.
Тэмай сустрэчы сталі вынікі працы Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» у 2018 годзе. Са сваімі дакладамі выступілі першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта Павел Міхалюк, першы сакратар Ашмянскага камітэта Вольга Шыдлоўская і першы сакратар Гродзенскага гарадскога камітэта Зоя Міткоўская.
Павел Міхалюк распавёў пра перамогі рабят у рэспубліканскіх конкурсах, удзеле іх у грамадска-палітычным жыцці краіны. Закрануў вынікі працы студэнцкіх атрадаў. Таксама быў зроблены акцэнт на рабоце арганізацыі ў сацыяльных сетках. Павел Міхалюк падкрэсліў, што неабходна актыўна далучаць моладзь у грамадска-палітычнае жыццё краіны:
– 2019 год будзе напоўнены знакавымі падзеямі для нас: і 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 75-годдзе гродзенскай вобласці, II Еўрапейскія гульні, перапіс насельніцтва. Мы павінны быць цэнтрам прыцягнення моладзі і прыкладам для іх, - адзначыў Павел Рышардовіч.
Зоя Міткоўская прэзентавала вынікі працы студэнцкіх атрадаў. Яна распавяла, што у 2018 годзе ў складзе 433 студэнцкіх атрадаў, сфармаваных тэрытарыяльнымі камітэтамі, працавала 6 190 чалавек. Зоя Мікалаеўна падкрэсліла пазітыўны вопыт навучання камандзіраў і камісараў на базе ГрДУ імя Янкі Купалы. Адзначана, што Штаб працоўных спраў купалаўскага ўніверсітэта прызнаны лепшым у Беларусі.
У рамках пленума адбылося ўзнагароджанне членаў і аб'яднанняў арганізацыі, якія ўнеслі ўклад у развіццё Саюза моладзі, а таксама пераможцаў і прызёраў розных конкурсаў.
Дыпломамі пераможцы ў намінацыях «Лепшы атрад, які працуе за межамі Рэспублікі Беларусь», «Лепшы штаб працоўных спраў установы адукацыі» узнагароджаны ГрДУ імя Янкі Купалы. Па выніках рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года - добрае сэрца» валанцёрскі атрад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы перамог у намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад сярод студэнцкай моладзі». Удзячнасцю цэнтральнага камітэта за актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Гродзенскай вобласці праграм і праектаў БРСМ, асабісты ўклад у развіццё і дзейнасць моладзевай арганізацыі адзначана студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Патрыцыя Казлоўская.