Праграма павышэння педагагічнага майстэрства выкладчыкаў «Універсітэт адукацыйных інавацый: тэорыя, методыка і практыка сучаснай адукацыі» будзе арганізавана з лютага па май.
На працягу паўгода слухачы будуць мець магчымасць у ходзе навучальных заняткаў, заснаваных на актыўнай, прадуктыўнай дзейнасці саміх слухачоў курсаў, знаёміцца з інавацыйнымі адукацыйнымі тэхналогіямі, ствараць уласныя адукацыйныя прадукты - заданні, метадычныя распрацоўкі, апрабаваць іх на практыцы ў ходзе выкладчыцкай дзейнасці і дзяліцца вынікамі.
Асаблівасць праграмы ў інавацыйнасці зместу навучання, арганізацыі і формы правядзення. Накіравана праграма на тое, каб дапамагчы выкладчыкам ВНУ, каледжаў, настаўнікам школ знайсці новыя эфектыўныя рашэнні ў планаванні, правядзенні і змесце вучэбных заняткаў з выкарыстаннем інавацыйных адукацыйных тэхналогій.
У праграме курсаў – шэсць адукацыйных блокаў, кожны з якіх знаёміць з асобнай адукацыйнай тэхналогіяй актыўнага навучання: тэхналогіяй пашыранага сумеснага навучання, навучання з выкарыстаннем мабільных прыкладанняў, відэа і іграфікацыі, а таксама тэхналогіямі перавернутага і змешанага навучання. Удзельнікі курсаў атрымаюць адказы на такія пытанні як: чаму сёння актыўнае навучанне знаходзіцца на верхніх радках рэйтынгу найбольш запатрабаваных адукацыйных тэхналогій; як зрабіць мабільнае навучанне карысным спадарожнікам педагога і вучня, у якіх выпадках відэакантэнт пашырае змястоўную прастору навучальнага занятку; як вучню з дапамогай тэхналогіі перавернутага навучання атрымаць новы адукацыйны вопыт; чаму сучасную ўніверсітэцкую рэальнасць нельга ўявіць без выкарыстання тэхналогіі змешанага навучання?
У рамках курсаў слухачы набудуць практычныя навыкі выкарыстання праектнага метаду ў міждысцыплінарнай дзейнасці. Сумесная групавая праца дазволіць знайсці кропкі судакранання ў розных галінах веды, выпрацаваць агульную стратэгію каманднай працы, стварыць прадуктыўную міждысцыплінарную прастору.
У якасці мадэратараў выступяць выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы - удзельнікі праекту «Змены ў адукацыйным асяроддзі: прасоўванне інавацыйнага выкладання і навучання для паляпшэння адукацыйнай дзейнасці студэнтаў у краінах Усходняга партнёрства PRINTeL». Мадэратары прайшлі навучанне ва Універсітэце прыкладных навук Грац Joanneum Gesellschaft (Аўстрыя), Універсітэце Порту (Партугалія), Левенскім каталіцкім універсітэце (Бельгія), Лінчэпінгскім універсітэце (Швецыя), Універсітэце Барселоны (Іспанія) і сёння не толькі самі актыўна выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі ў выкладчыцкай дзейнасці, але і дзеляцца сваім вопытам з калегамі.
Заняткі будуць праходзіць двойчы на месяц у форме лекцый, групавых абмеркаванняў, трэнінгаў, дэманстрацый вынікаў працы. Асвойваць адукацыйную праграму слухачы будуць у дзвюх гуппах на рускай і англійскай мовах. Рэалізацыя праграмы на англійскай мове дазволіць пашырыць камунікатыўныя кампетэнцыі ў галіне англамоўных прафесійных зносін.
Вынікам курсаў стануць уласныя адукацыйныя прадукты слухачоў, прадуктыўныя камунікацыі і каштоўны вопыт паглыблення ў асяродзе сумеснага пошуку адукацыйных ідэй і рашэнняў, што дасць магчымасць выкладчыкам вызначыцца з выбарам перспектыўных тэхналогій для асабістай адукацыйнай практыкі.
Варта адзначыць, што ў ГрДУ імя Янкі Купалы сфарміравана эфектыўная сістэма бесперапыннага павышэння прафесійнага майстэрства выкладчыкаў: аргдзейнасныя вочныя і вочна-дыстанцыйныя курсы «Методыка навучання праз адкрыццё: як навучаць усіх па-рознаму, але аднолькава» і «Асновы эўрыстычнага навучання ў ВНУ», тыдні педагагічнага майстэрства і фестывалі педагагічных інавацый з удзелам пераможцаў конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» і членаў Рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель». Курсы павышэння кваліфікацыі па праграме "Асновы эўрыстычнага навучання ў ВНУ" ў сакавіку бягучага года ў ГрДУ імя Янкі Купалы ўпершыню пройдуць на англійскай мове.