Праграма супрацоўніцтва на 2019 г. паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Гродзенскай епархіяй была падпісана сёння, 7 лютага.
Варта адзначыць, што новая праграма падмацоўвае дагавор, які бакі аформілі ў кастрычніку 2015 года. У межах сустрэчы першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў, Архіяпіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, выкладчыкі ўніверсітэта і клірыкі епархіі, якія падтрымліваюць узаемаадносіны з факультэтамі ўніверсітэта, абмеркавалі вынікі плённай сумеснай дзейнасці ў 2018 годзе і падзяліліся планамі на будучыню.
Вітаючы духавенства і прадстаўнікоў універсітэта, першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў адзначыў, што з году ў год сумесная праца ўстановы вышэйшай адукацыі і Гродзенскай епархіі становіцца ўсё больш разнапланавай і выніковай, расце колькасць сумесных мерапрыемстваў, рэалізуюцца інавацыйныя праекты.
Так, у 2018 годзе ў універсітэце прайшло больш за 65 сумесных мерапрыемстваў. Вялася праца над 2 дысертацыйнымі даследаваннямі, падрыхтаваны 4 дыпломныя працы па гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Выкладчыкі чыталі лекцыі на парафіях Гродзенскай дыяцэзіі і публікаваліся ў навуковых выданнях па тэме гісторыі Беларускай Праваслаўнай царквы і Гродзенскай дыяцэзіі, выступалі з дакладамі на навуковых мерапрыемствах па пытаннях праваслаўнай царквы. Сумесна з Гродзенскай епархіяй БПЦ былі арганізаваны і праведзены VII абласныя навукова-адукацыйныя «Каложскія чытанні».
Сярод вынікаў сумеснай дзейнасці ў мінулым годзе - круглыя сталы, лекцыі, вечары духоўнай паэзіі, экскурсіі, валанцёрскія акцыі, тэматычныя сустрэчы са студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, выставы, і прэзентацыі кніг. Для студэнтаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму было арганізавана чытанне спецкурсаў па гісторыі РПЦ.
Прадстаўнікі Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы традыцыйна прымалі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным прыняццю Ваеннай прысягі курсантамі першага курса ваеннага факультэта і выпускным маладых афіцэраў.
Архіяпіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій у сваю чаргу адзначыў, што ўніверсітэт і царква ўзаемна ўзбагачаюць адзін аднаго. Такія зносіны карысна як студэнтам на іх шляху сталення, так і святарам. Уладыка падкрэсліў неабходнасць сумесных праектаў і распавёў, што на дадзены момант вядзецца актыўная праца над дапаможнікам «Гісторыя Гродзенскай епархіі 20 стагоддзя».
Праграма супрацоўніцтва на 2019 г. не менш насычаная цікавымі мерапрыемствамі. Прадугледжана правядзенне шэрагу сумесных праектаў навукова-даследчага, інавацыйнага, метадычнага характару, у галіне выхавання і сацыяльнай работы, па фарміраванні духоўна-маральнай асобы, арганізацыі ўзаемадзеяння ў рабоце з сям'ёй, адраджэнню і прапагандзе сямейных каштоўнасцяў. Будуць арганізаваны мерапрыемствы ў гонар памятных дат.
Падчас сустрэчы выкладчыкі ўніверсітэта агучылі новыя ідэі сумеснай працы аб правядзенні сустрэч святароў са студэнтамі і выкладчыкамі не толькі ў сценах універсітэта, але і на прыходах. Было прапанавана арганізоўваць вытворчую і пераддыпломную практыку купалаўцаў на тэрыторыі Гродзенскай епархіі, публікаваць ва ўніверсітэцкіх навуковых выданнях працы святароў, якія навучаюцца ў Мінскай духоўнай акадэміі і займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю.
На заканчэнне сустрэчы бакі падпісалі праграму і выказалі надзею на актыўнае, паспяховае і плённае супрацоўніцтва ў 2019 годзе.