Рабочы візіт прадстаўнікоў МДУ імя А.А. Куляшова адбыўся 7-8 лютага.
У ГрДУ імя Янкі Купалы гасцей пазнаёмілі з гісторыяй універсітэта, яго адукацыйнай, навуковай і інавацыйнай дзейнасцю, распавялі аб перспектыўных кірунках развіцця. У ходзе размовы бакі падзяліліся вопытам работы па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій і арганізацыі навучальнага працэсу. Асаблівая ўвага была ўдзелена вопыту рэалізацыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы праекта «Лічбавы ўніверсітэт», які накіраваны на ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у арганізацыю адукацыйнага працэсу і кіраванне ўніверсітэтам.
Калегам з Магілёва распавялі пра тое, што першы лічбавы сэрвіс у ГрДУ імя Янкі Купалы быў распрацаваны больш за 20 гадоў таму. Сёння аўтаматызаваны ўсе працэсы і структуры ўніверсітэта, а віртуальная інфармацыйная прастора ГрДУ імя Янкі Купалы ўключае комплекс АСК «Універсітэт», больш за 70 тэматычных Інтэрнэт-сайтаў, электронны часопіс адукацыйных інавацый, адукацыйныя праекты і сістэмы, мабільныя прыкладанні.
Як працуюць лічбавыя, сэрвісы прадэманстравалі выкладчыкі і супрацоўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы. Аўтаматызаваныя сістэмы кіравання «Абітурыент», «Дэканат», «Кафедра», «Медагляд», Адукацыйны партал, карпаратыўны партал «Інтранэт», асабісты кабінет выкладчыка і студэнта, а таксама электронны і мабільны расклад выклікалі цікавасць з боку прадстаўнікоў МДУ імя А.А . Куляшова.
Акрамя гэтага, у ходзе візіту абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з арганізацыяй навучальнага працэсу на замежнай мове, укараненнем інавацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс, павышэннем прафесійнага майстэрства выкладчыкаў.