Першы занятак праграмы павышэння педагагічнага майстэрства выкладчыкаў «Універсітэт адукацыйных інавацый: тэорыя, методыка і практыка сучаснай адукацыі» адбыўся 11 лютага.
Удзельнікамі праграмы сталі 39 выкладчыкаў універсітэта, каледжаў і педагогі Гродзенскай гарадской гімназіі. Актыўнай і плённай працы ўдзельнікам курсаў пажадаў прарэктар па вучэбнай працы Генадзій Гачко. Ён адзначыў, што вынікам дзейнаснага характару курсаў стануць метадычныя распрацоўкі ўдзельнікаў і новы вопыт інавацыйнай адукацыйнай дзейнасці.
У рамках першага занятку адбылася знаёмства з мадэратарамі курсаў, якія на працягу паўгода будуць актыўна дзяліцца вопытам выкарыстання лічбавых інавацыйных тэхналогій у навучальным працэсе, а таксама прэзентацыя праграмы курсаў і адукацыйнай платформы, распрацаванай для сістэмы бесперапыннага павышэння прафесійнага майстэрства выкладчыкаў універсітэта, апрабацыя якой будзе праходзіць у рамках курсаў. Навучальнае асяроддзе платформы арыентавана на арганізацыю інтэрактыўнага ўзаемадзеяння паміж мадэратарамі курсаў і слухачамі на працягу ўсяго перыяду навучання. Платформа дазваляе ствараць курсы, напаўняючы іх разнастайным змесцівам: гэта могуць быць тэксты, прэзентацыі, відэаматэрыялы, а таксама модулі для сумеснай працы над адукацыйнымі праектамі, форумы для правядзення дыскусій, ёсць магчымасць для адпраўкі слухачамі выкананых заданняў, іх ацэньвання і каментавання мадэратарамі.
Адным з першых дзеянняў слухачоў на новай платформе сталі запісы на Форуме «Пастаноўкі мэтаў». Адказваючы на пытанні пра мэты ўдзелу ў курсах і чаканых выніках, яны адзначылі, што хацелі б атрымаць штуршок для прафесійнага самаразвіцця і самаўдасканалення, навучыцца ствараць новыя інфармацыйныя рэсурсы для працы з навучэнцамі, асвоіць тэхналогіі сумеснага навучання, знайсці спосабы хутка і цікава навучаць іншых.
На першым занятку слухачы курсаў пазнаёміліся з тэмай «Актыўнае навучанне і навучанне з выкарыстаннем ІКТ: навучанне з дапамогай мабільных прыкладанняў і гульнефікацыі». Актыўныя метады навучання, на думку мадэратара, кандыдата фізіка-матэматычных навук, дацэнта кафедры агульнай фізікі Наталлі Валько, дазваляюць дамагчыся высокага ўзроўню актыўнасці навучэнцаў на занятках, нацэльваюць іх на самастойны ўдумлівы пошук адказаў і рашэнняў, выпрацоўку асобасна-значных кампетэнцый ў ходзе індывідуальнай і калектыўнай дзейнасці.
Увазе слухачоў была прапанавана тэхналогія стварэння і распазнання QR-кодаў, разгледжаны варыянты выкарыстання закадаванай інфармацыі пры правядзенні вучэбных заняткаў. У другой частцы занятку ўдзельнікі курсаў змаглі ацаніць вартасці актыўных метадаў навучання ў спалучэнні з тэхналогіяй пагружэння ў гульнявое вучэбнае асяроддзе, якое запатрабавала ад удзельнікаў уважлівай і засяроджанай пошукавай працы, актыўнай міжасобаснай камунікацыі, выпрацоўкі агульнакаманднага плану дзеянняў. Слухачы курсаў пераканаліся, што выкарыстанне гульнефікацыі ў адукацыі абуджае рух думкі, ненадакучліва фарміруе творчую актыўнасць вучняў, іх жаданне свядома рухацца ад няведання да ведаў, дапамагае ацаніць значэнне і карысць каманднай працы, стварае яркі эмацыйны настрой і пазітыўны дух суперніцтва.
Па выніках першага дня заняткаў слухачы атрымалі заданне распавесці пра сябе на Форуме «Знаёмства», самастойна распрацаваць з дапамогай анлайн-сэрвісу Canva графічныя ілюстрацыі. У рамках першага модуля на Форуме «Прафесійны дыялог» слухачы могуць задаваць пытанні мадэратару і калегам па вывучаемай тэме, удакладняць парадак выканання хатняга задання, дзяліцца меркаваннямі аб набываным вопыце інавацыйнай дзейнасці, прапаноўваць для абмеркавання ўласныя адукацыйныя ідэі, знаходкі і рашэнні.
Наступны занятак, на якім слухачы працягнуць знаёмства з тэхналогіяй актыўнага навучання, адбудзецца 25 лютага.