У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы створана інтэрнэт-платформа «Універсітэт адукацыйных інавацый» для сістэмы бесперапыннага павышэння педагагічнага майстэрства выкладчыкаў у галіне інавацыйнай адукацыі.
Навучальнае асяроддзе платформы арыентавана на арганізацыю інтэрактыўнага ўзаемадзеяння паміж мадэратарамі курсаў і слухачамі на працягу ўсяго перыяду навучання. Платформа дазваляе ствараць курсы, напаўняючы іх разнастайным змесцівам: гэта могуць быць тэксты, прэзентацыі, відэаматэрыялы, а таксама модулі для сумеснай працы над адукацыйнымі праектамі, форумы для правядзення дыскусій, ёсць магчымасць для адпраўкі слухачамі выкананых заданняў, іх ацэньвання і каментавання мадэратарамі.
«Мы пайшлі на творчы эксперымент, «перавярнулі» навучанне выкладчыкаў, каб у кожнага з іх з'явілася магчымасць лепш зразумець студэнтаў, для якіх звыкла мець зносіны, вучыцца, тварыць, спазнаваць свет і саміх сябе ў інтэрнэт-прасторы. - адзначыла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Марына Калацэй. - Віртуальнае асяроддзе выкладчыкам неабходна актыўна асвойваць, знаходзіць яе карысныя ўласцівасці, каб у перспектыве тут, а не толькі ў аўдыторыі, займацца сумеснай плённай працай».
Вучэбная платформа курсаў павышэння кваліфікацыі даступная па спасылцы – school.grsu.by.
Платформа будзе апрабаваная ў рамках курсаў павышэння кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу «Універсітэт адукацыйных інавацый: тэорыя, методыка і практыка сучаснай адукацыі», якія пройдуць з 11 лютага па 14 чэрвеня 2019 года.