Мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Міжнароднага Дня роднай мовы, адбылося ў чытальнай зале навуковай бібліятэкі купалаўскага ўніверсітэта 19 лютага.
Людміла Рублеўская – беларуская паэтэса, пісьменніца, літаратурны крытык, Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф», Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы празаічны твор», аглядальнік аддзела культуры газеты «СБ. Беларусь сегодня».
Мерапрыемства праводзілася сумесна з Гродзенскай епархіяй. У якасці гасцей на сустрэчы таксама прысутнічалі святар, паэт Павел Каспяровіч, гарадзенскі паэт, дацэнт кафедры польскай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Анатоль Брусевіч, а таксама старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка.
Адкрыў мерапрыемства дырэктар бібліятэкі Мікалай Грынько, адзначыўшы сімвалічнасць сустрэчы ў рамках Тыдня роднай мовы, які праводзіцца ў Гродзенскім універсітэце ўпершыню.
Айцец Павел Каспяровіч расказаў гісторыю напісання верша “Я веру, што дзесьці…”, які прысвяціў сваёй жонцы, а таксама прачытаў некалькі вершаў іншых тэматык.
Анатоль Брусевіч адзначыў сур’ёзнае стаўленне да слова і паэтычнай творчасці, што пацвердзіў уласнымі вершамі “За акном маім студзень пануры”, “Восень, туга даматканая…” і інш.
Акрамя таго, на сустрэчы быў прэзентаваны чарговы выпуск літаратурнага альманаха “Новы замак”. Валянцін Дубатоўка запрасіў усіх, хто піша, не саромецца і дасылаць свае творы ў гарадзенскі штогоднік.
Пра свае цяперашнія творчыя клопаты і раман у пяці кнігах “Авантуры Вырвіча”, па апошняй з якіх распачаліся здымкі фільму, расказала Людміла Урублеўская. Прысутных цікавілі пытанні пачатку творчай дзейнасці, удасканалення мастацкага густу, дзеяння Школы маладога пісьменніка, і, канешне ж, таямніцы кіназдымкі.