Пасяджэнне прайшло ў Беларускім дзяржаўным універсітэце 20 студзеня пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча.
У рамках пасяджэння абмяркоўваліся шляхі ўдасканалення навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў краіне.
У дыскусіі прынялі ўдзел члены Прэзідыума Савета Рэспублікі, прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук, міністэрстваў адукацыі, фінансаў, эканомікі нашай краіны, а таксама кіраўнікі ВНУ і навуковых арганізацый.
Па выніках пасяджэння былі прынятыя рэкамендацыі па стварэнні буйных сумесных інавацыйных навуковых праектаў.
- ЕАЭС без сумесных кампаній і праектаў у сферы машынабудавання, вялікай хіміі, электронікі, фармакалогіі, біятэхналогій, ваенна-прамысловага комплексу не будзе паўнавартасна працаваць. Мяркую, што наспела неабходнасць сфармаваць агульны бюджэт або фонд Еўразійскага саюза, за кошт якога фінансаваць НДВКП і тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне прарыўных праектаў па аналогіі з бюджэтам Саюзнай дзяржавы, дзе больш за 50% сродкаў вылучаецца на фінансаванне саюзных праграм, - адзначыў кіраўнік верхняй палаты парламента Міхаіл Мясніковіч.
У прынятых рэкамендацыях пазначана, што інфарматызацыя, інвестыцыі, занятасць, моладзь і экспарт павінны лічыцца базавымі напрамкамі для ўдасканалення заканадаўства ў сферы навуковай, навукова-тэхнічнай, інавацыйнай і адукацыйнай дзейнасці. Удзельнікі пасяджэння палічылі неабходным зацвердзіць адзіныя прыярытэтныя напрамкі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2021-2025 гады. Было прапанавана ўдасканаленне ўмоў для развіцця інавацыйнага маладзёжнага прадпрымальніцтва, у тым ліку шляхам стварэння ў вядучых навуковых арганізацыях краіны стартап-цэнтраў. Навукова-кансультатыўны савет выступіў за развіццё механізмаў стымулявання венчурнага фінансавання, стварэнне дадатковых умоў для прыцягнення прыватных інвестараў у інавацыйную сферу, скарачэнне колькасці адміністрацыйных працэдур у дачыненні да прадпрымальніцкай дзейнасці. На думку экспертаў, у працы над папраўкамі ў Кодэкс аб адукацыі трэба надаць асаблівую ўвагу нормам эфектыўнай падрыхтоўкі кадраў для інавацыйных, экспартна арыентаваных прадпрыемстваў з улікам узмацнення практычнай накіраванасці навучання, паглыблення ўзаемадзеяння з арганізацыямі-заказчыкамі. Савет прапанаваў разгледзець магчымасць стварэння сістэмы сярэднетэрміновага і доўгатэрміновага прагназавання патрэбнасці ў навуковых кадрах і спецыялістах вышэйшай кваліфікацыі навукова-інавацыйнай сферы краіны ў цэлым і ў разрэзе асобных галін эканомікі з улікам дзяржаўных навукова-тэхнічных прыярытэтаў. Прапануецца таксама правесці маніторынг эфектыўнасці рэалізацыі мадэлі "Універсітэт 3.0" у частцы ўдасканалення адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі I і II ступені, дадатковай адукацыі дарослых, стварэння і развіцця суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры для прыняцця рашэння аб далейшым распаўсюджванні гэтага вопыту.
У рамках праграмы пасяджэння была арганізавана работа выставы інавацыйных распрацовак беларускіх ВНУ. Сваю прадукцыю прадставілі БДУ, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
По материалам БЕЛТА
Фото bsu.by