Вучоны з сусветным імем, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Жарэс Іванавіч Алфёраў памёр на 89-м годзе жыцця.
Расійскі фізік, акадэмік, замежны член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і многіх акадэмій свету Жарэс Алфёраў нарадзіўся ў 1930 годзе ў Віцебску, у 1947 годзе з залатым медалём скончыў школу ў Мінску, на першым курсе навучаўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце, адкуль перавёўся ў Ленінградскі электратэхнічны інстытут (ЛЭТИ, цяпер - Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны электратэхнічны ўніверсітэт) імя У.І. Ульянава (Леніна). У 1952 годзе з адзнакай скончыў яго па спецыяльнасці "электравакуумныя тэхніка".
З 1953 году працаваў у Ленінградскім фізіка-тэхнічным інстытуце (ЛФТІ, цяпер - Фізіка-тэхнічны інстытут імя А.Ф. Іофэ РАН). У 1987-2003 гадах быў дырэктарам, у 2003-2006 гадах - навуковым кіраўніком інстытута. У 1988-2004 гадах - дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Ленінградскага, затым - Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта (СПбГПУ). У 2004 годзе заснаваў і ўзначаліў кафедру фізікі і тэхналогій нанаструктур ў Інстытуце фізікі, нанатэхналогіі і тэлекамунікацый (ІФНіТ) універсітэта. Да цяперашняга моманту з'яўляўся навуковым кіраўніком ІФНіТ СПбГПУ.
Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці - фізіка паўправаднікоў і паўправадніковая электроніка. Аўтар больш за 600 навуковых прац, 3 манаграфій, 50 вынаходак.
У 2000 годзе Жарэс Алфёраў разам з амерыканскімі навукоўцамі Джэкам Кілбі і Гербертам Крэмерам удастоіліся Нобелеўскай прэміі па фізіцы. Жарэс Алфёраў і Герберт Крэмер атрымалі яе за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур, якія выкарыстоўваюцца ў высокачастотных схемах і оптаэлектроніцы, Кілбі - за ўдзел у вынаходстве інтэгральнай схемы.
Жарэс Алфёраў заснаваў Фонд падтрымкі адукацыі і навукі, у заснаванне якога ўклаў трэць атрыманай ім Нобелеўскай прэміі. Мэтай фонду з'яўляецца падтрымка фундаментальных даследаванняў у галіне фізікі, неабходных для развіцця эканомікі.
У 2011 годзе Жарэс Іванавіч Алфёраў пабываў у Гродне і наведаў купалаўскі ўніверсітэт, дзе сустрэўся са студэнтамі і прачытаў лекцыю «Паўправадніковая рэвалюцыя XX стагоддзя». Прамую трансляцыю гэтай сустрэчы ўбачылі ў медыцынскім універсітэце і галоўным корпусе ГрДУ.
Кіраўніцтва і шматтысячны калектыў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім, калегам Жарэса Іванавіча Алфёрава і падзяляе з імі смутак і боль незаменнай страты. Памяць аб вялікім вучоным назаўжды будзе жыць у нашых сэрцах.
Па матэрыялах БелТА і ўлас. інфармацыя