Узнагароджанне адбылося 13 сакавіка ў час сустрэчы Міністра адукацыі Ігара Карпенкі з кітайскімі грамадзянамі, якія вучацца ў беларускіх установах адукацыі і маюць высокія дасягненні ў вучобе, навукова-даследчай і грамадскай дзейнасці.
Удзел у мерапрыемстве прынялі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цыміна, рэктары і прарэктары беларускіх універсітэтаў, у якіх навучаюцца кітайскія студэнты. ГрДУ імя Янкі Купалы прадставіў першы прарэктар Алег Раманаў і студэнты з ліку кітайскіх грамадзян.
Міністр адукацыі Ігар Карпенка падкрэсліў важнасць дадзенай сустрэчы і адзначыў, што зносіны з маладымі людзьмі, у тым ліку і з навучэнцамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі, гэта магчымасць абмеркаваць перспектывы падрыхтоўкі кадраў, абмяняцца думкамі па шырокаму спектру пытанняў, якія хвалююць замежных студэнтаў.
Пасол у савей прамове адзначыў, што ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Кітаем у сферы адукацыі становіцца ўсё больш дынамічным і эфектыўным. Ён падзякаваў Міністэрства адукацыі за эфектыўнае супрацоўніцтва.
За поспехі ў вучэбнай дзейнасці і ў сувязі з правядзеннем года адукацыі Беларусі ў Кітаі падзякай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначаны студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Вэй Ванчэн і магістрант факультэта эканомікі і кіравання Лю Сіньюе. За поспехі ў навуковай дзейнасці і ў сувязі з правядзеннем года адукацыі Беларусі ў Кітаі падзяка аб'яўлена аспіранту факультэта матэматыкі і інфарматыкі Чэнь Ян.
Варта адзначыць, што ГрДУ імя Янкі Купалы актыўна супрацоўнічае з установамі адукацыі Кітая пачынаючы з 2001 года. Тады быў падпісаны першы дагавор з Кітайскім Паўднёва-Цэнтральным эканамічным і юрыдычным універсітэтам.
У цяперашні час дзейнічаюць ужо 10 дагавораў аб міжнародным супрацоўніцтве, а таксама дамовы па сумесных адукацыйных праграмах з Чунцінскім політэхнічным універсітэтам і Шаньдунскім універсітэтам шляхоў камунікацый. Распрацавана і рэалізуецца Стратэгія па развіцці супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай у сферы адукацыі на 2017-2020 гады, якая з'яўляецца складнікам агульнай Стратэгіі ўніверсітэта.
З мэтай папулярызацыі і вывучэння кітайскай мовы, культуры і гісторыі Кітая, для студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама жыхароў Гродна і Гродзенскай вобласці ў універсітэце быў адкрыты Цэнтр кітайскай мовы і культуры, які 2012 года ператвораны ў «Кабінет кітаязнаўства імя Канфуцыя» як філіял Рэспубліканскага Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З 2008 года студэнты спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» вывучаюць кітайскую мову ў якасці другой замежнай. У 2018 пачалася падрыхтоўка спецыялістаў па кітайскай мове як першаму замежнаму ў рамках спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый».
C 2011 года ў рамках міжурадавага пагаднення і міжвузаўскіх дагавораў 35 студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы навучаліся кітайскай мове ва ўніверсітэтах Кітайскай Народнай Рэспублікі. У ГрДУ імя Янкі Купалы на дадзены момант навучаецца 31 студэнт з КНР.
Грамадзяне КНР прымаюць актыўны ўдзел у працы Летняй школы рускай мовы. У 2018 годзе ва ўніверсітэце адкрыта База стажыроўкі кадраў правінцыі Ганьсу КНР.
Па матэрыялах БЕЛТА і ўлас. інф.