Удзельнікамі форуму, які пройдзе 27-29 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, стануць каманды студэнтаў спецыяльнасцяў «Журналістыка» і «Інфармацыя і камунікацыя» факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
Студэнткі 3 курса спецыяльнасці "Журналістыка" Алена Баброва і Алеся Найдзен прадставяць праект #fikit_PR у секцыі некамерцыйных праектаў. Праект накіраваны на развіццё сістэмы ўнутрыкарпаратыўных камунікацый на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму і прадугледжвае стварэнне карпаратыўнага часопіса «PRide» і рэалізацыю івэнт-праекта факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму «#fikit_Fest» у 2019 годзе.
У секцыі startup-праектаў купалаўцы прадставяць ідэю онлайн-імідж-студыі «Трыумф». Студэнты 1 курса спецыяльнасці "Інфармацыя і камунікацыя" Арцём Краўчук, Дар'я Мінькевіч, Лізавета Сянько, Ганна Банцэвіч прэзентуюць ідэю стартапа, які будзе спрыяць фарміраванню станоўчага іміджу для прафесійнага, сацыяльнага, індывідуальнага росту студэнтаў.
Ідэю манетызацыі кантэнту інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу «МедыяДом», які быў створаны у 2018 годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы як пляцоўка для развіцця медыяпісьменнасці моладзі, будуць абараняць секцыі камерцыйных праектаў студэнты 3 курса спецыяльнасці "Інфармацыя і камунікацыя" Уладзімір Гангала і Дзмітрый Сухоцкі.
Варта адзначыць, што купалаўцы штогод актыўна прымаюць удзел у PR-кветка і займаюць прызавыя месцы ў розных секцыях. У 2018 годзе сумесны праект студэнтаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму "Музыка стагоддзяў" стаў абсалютным пераможцам і заваяваў гран-пры конкурсу.
У гэтым годзе спецыялісты-пачаткоўцы па рэкламе і PR будуць прадстаўляць свае праекты ў камерцыйнай і некамерцыйнай секцыі камунікацыйных праектаў, а таксама секцыі startup-праектаў. Удзельнікаў чакае серыя майстар-класаў ад экспертаў рынку камунікацыі, конкурс камунікацыйных праектаў, якія ацэньвае прафесійнае журы, круглыя сталы і дыскусіі па актуальных тэмах ў сферы камунікацыі, каманднае рашэнне кейсаў ад вядомых кампаній.
Форум дае магчымасць для развіцця ідэй і ўдасканалення ўласных праектаў. Сярод яго мэтаў - фарміраванне і развіццё студэнцкай супольнасці ў сферы карпаратыўных камунікацый, абмен досведам паміж студэнтамі, выкладчыкамі і практыкуючымі спецыялістамі.
Праграму «PR-кветкі - 2019» і дадатковую інфармацыю можна знайсці на сайце форуму.