У ГрДУ імя Янкі Купалы завяршылася падача заявак на II Адкрыты конкурс студэнцкіх стартап-праектаў «ИнНаСтарт».
Конкурс стартап-праектаў «ИнНаСтарт» быў абвешчаны ва ўніверсітэце ў лютым і праходзіць у чатыры этапы.
Так, у рамках першага этапу для ўдзельнікаў былі арганізаваныя трэнінгі, на якіх эксперты ў сферы прадпрымальніцтва распавялі купалаўцам аб тым, як распрацаваць інавацыйную ідэю, сабраць каманду аднадумцаў, распрацаваць бізнэс-мадэль, прадставіць і прэзентаваць праект. Пасля чаго рабяты афармлялі свае ідэі і падавалі заяўкі для ўдзелу. Усяго было пададзена больш за 40 заявак.
Цяпер эксперты, сярод якіх выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Гродна, да 15 красавіка ацэняць запатрабаванасць, актуальнасць, практычную реалізуемасць, канкурэнтаздольнасць праекта, а таксама наяўнасць абгрунтаванай бізнес-мадэлі. Пасля чаго дзесятка лепшых прэзентуе свае ідэі падчас заключнага этапу – стартап-бою.
Па выніках публічнай прэзентацыі будуць названы лепшыя студэнцкія праекты ў чатырох намінацыях: «Лепшы стартап-праект - ТЭХНАЛОГІЯ», «Лепшы стартап-праект -ПРАДУКТ», «Лепшы стартап-праект - ПАСЛУГІ», «Лепшы стартап-праект - САЦЫЯЛЬНЫЯ ІНАВАЦЫІ». Пераможцы атрымаюць прызы, сертыфікат і магчымасць карыстацца паслугамі навукова-тэхналагічнага парку на працягу 12 месяцаў бясплатна. Таксама па выніках конкурсу журы абярэ лепшы праект, які атрымае Гран-пры - грант на рэалізацыю стартапа ў Навукова-тэхналагічным парку.
Мэтай конкурсу з'яўляецца экспертная падтрымка і садзейнічанне ў развіцці інавацыйных бізнес-ідэй на ранняй стадыі і стымуляванне студэнтаў і магістрантаў універсітэта і навучэнцаў каледжаў ствараць інавацыі і прапаноўваць арыгінальныя прадукты, тэхналогіі, тавары і паслугі.