Кубак свету па самба «Мемарыял Харлампіева» прайшоў 22-23 сакавіка ў Маскве.
У вагавай катэгорыі звыш 80 кг сярэбраным прызёрам стала магістрантка факультэта псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Кацярына Калюжная, якая саступіла ў барацьбе за золата расіянцы Вользе Арцюшынай. Асабісты трэнер Кацярыны Калюжнай - загадчык кафедры спартыўных гульняў Аляксандр Бардзін.
У гэтым годзе ў спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 250 самбістаў з 21 краіны свету - Арменіі, Беларусі, Венгрыі, Венесуэлы, Германіі, Ірландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Кубы, Камеруна, Казахстана, Карэі, Малдовы, Марока, Нідэрландаў, Расіі, Туркменістана , Украіны, Філіпін, Японіі.
У тэму:
Анатоль Харлампіеў прысвяціў большую частку жыцця стварэнню і развіццю самба. Ён даследаваў баявыя мастацтвы, апісваў і класіфікаваў спартыўныя і баявыя прыёмы. У выніку была створана цэлая сістэма, у якую ўвайшлі спартовае і баявое самба. Спаборніцтвы займаюць асаблівае месца ў міжнародным календары. За перамогу спартсмены атрымліваюць званне «Майстар спорту міжнароднага класа».
«Мемарыял Харлампіева» быў заснаваны ў год правядзення Алімпійскіх гульняў у Маскве, і ўпершыню прайшоў 10-11 кастрычніка 1980 года ва ўніверсальнай спартыўнай зале «Дружба». З 1983 года праводзіцца ў катэгорыі «А», з 2009 года становіцца найбольш прэстыжным з этапаў Кубка свету, Суперкубка свету па самба, а з 2015 года з'яўляецца афіцыйным і адзіным Кубкам свету.