Візіт прадстаўнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы ў Славакію адбыўся 25-28 сакавіка.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прадставілі прарэктар па навуковай рабоце Юрый Раманоўскі і дырэктар Навукова-тэхналагічнага парку Аляксандр Васілевіч. У склад беларускай дэлегацыі таксама ўвайшлі прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Гродзенскай абласной бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і Мінскага траўматалагічнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.
У рамках візіту прадстаўнікі беларускай дэлегацыі наведалі машынабудаўнічы факультэт Тэхнічнага ўніверсітэта, азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і арганізацыяй навучальнага працэсу. Гасцей запрасілі ў лабараторыі па механіцы і робататэхніцы, дзе ім прадэманстравалі працу сучаснага тэхнічнага абсталявання. Характэрна, што Тэхнічны ўніверсітэт у Кошыцэ займае лідзіруючыя пазіцыі ў галіне распрацоўкі адытыўных тэхналогій у медыцыне, сярод якіх - 3D-друк, 3D-мадэляванне, распрацоўка біямедыцынскіх тэхналогій.
У сваю чаргу, Юры Раманоўскі прадставіў калегам са Славакіі адукацыйны і навуковы патэнцыял ГрДУ імя Янкі Купалы і Навукова-тэхналагічны парк універсітэта. Бакі абмеркавалі накірункі супрацоўніцтва, а таксама магчымасці двухбаковых стажыровак выкладчыкаў і студэнтаў.
Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі наведалі кампанію «Biomedical Enginiring», якая займаецца распрацоўкай імплантаў з тытана, вытворчасцю і распрацоўкай сертыфікаваных медыцынскіх вырабаў. Імпульсам для стварэння кампаніі паслужылі распрацоўкі навукоўцаў універсітэта. Акрамя таго, прадстаўнікі медыцынскіх устаноў прынялі ўдзел у аперацыі па ўстаноўцы імпланта ў адной з клінік Кошыцэ.
Варта адзначыць, што славацкі бок зацікаўлены ў супрацоўніцтве з ГрДУ імя Янкі Купалы і плануе стварэнне рэзідэнта па сумеснай вытворчасці біямедыцынскіх вырабаў на базе Тэхнапарка купалаўскага ўніверсітэта.