Прафесара, доктара фізіка-матэматычных навук, загадчыка кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі, рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з 2005 па 2013 гады, Яўгенiя Аляксеевіча Роўбы ўшаноўвалі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Павіншаваць юбіляра сабраліся яго сябры і калегі, а таксама родныя і блізкія людзі. Адкрываючы мерапрыемства, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла:
- Сёння мы ўшаноўваем чалавека, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё нашага ўніверсітэта. Яўгенiй Аляксеевіч Роўба ўпісаў сваю старонку ў летапіс Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Яна падкрэсліла, што падчас кіраўніцтва Яўгенiя Аляксеевіча ствараліся новыя факультэты, спецыяльнасці, быў адкрыты Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Універсітэт першым у краіне сярод устаноў адукацыі атрымаў Прэмію Урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці, сертыфікат адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці, Ганаровы Дзяржаўны сцяг Беларусі.
- Усe гэтыя дасягненні адбыліся дзякуючы жаданню Яўгенiя Аляксеевіча і яго імкненню рухацца наперад. Мне выпалаў велізарны гонар павіншаваць Вас з Днём нараджэння і падзякаваць за тое, што Вы зрабілі для нашага ўніверсітэта, за тое, што Вы сёння разам з намі. Ваша неабыякавасць з'яўляецца прыкладам для многіх! - адзначыла Ірына Фёдараўна і ўручыла юбіляру падарункі ад калектыву універсітэта, сярод якіх - фільм пра жыццёвы і працоўны шлях Яўгенiя Аляксеевіча, зняты супрацоўнікамі ГрДУ імя Янкі Купалы.
На працягу вечара ў адрас юбіляра гучалі словы віншавання ад тых, хто ў розныя гады працаваў і працягвае працаваць разам з Яўгенiем Аляксеевічам. Сярод іх - дырэктар Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д. Сахарава БДУ Сяргей Маскевіч, які ў 1997-2005 гадах узначальваў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Павіншаваў Яўгенiя Аляксеевіча старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Барыс Казялкоў, мэр Гродна з 2009 па 2013. Ён адзначыў:
- За што б ні браўся Яўгенiй Аляксеевіч, у яго гэта заўсёды атрымлівалася. Шмат у чым дзякуючы яго настойлівасці і мэтанакіраванасці. Ён чалавек амбіцыйны, заўсёды і ва ўсім імкнуўся перамагаць і дасягаць дасканаласці.
Да віншаванняў гасцей далучыліся прарэктар па вучэбнай працы Юрый Белых, прарэктар па выхаваўчай працы Васілiй Сянько, прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзiй Гачко.
У адрас Яўгенiя Роўбы гучалі словы ўдзячнасці ад дырэктараў Гродзенскага філіяла Прыватнай установы адукацыі "БІП-Інстытут правазнаўства" Юрыя Гняздоўскага і Гродзенскага абласнога інстытута развіцця вышэйшай адукацыі Святланы Сяргейка.
Ад імя супрацоўнікаў і курсантаў ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы павіншаваў юбіляра начальнік ваеннага факультэта Лявонцій Паўлаў, а ад прадстаўнікоў факультэта мастацтваў і дызайну - дэкан Людміла Чарнiлоўская і загадчык кафедры дызайну Антон Ляшчынскі. Яны ўспомнілі гісторыю адкрыцця сваіх факультэтаў і ўручылі падарункі.
Лепшыя пажаданні ў адрас юбіляра ад факультэта матэматыкі і інфарматыкі, дзе і па сённяшні дзень працуе Яўгенiй Аляксеевіч, вымавіла дэкан факультэта матэматыкі і інфарматыкі Алена Лівак. Супрацоўнікі кафедраў факультэта матэматыкі і інфарматыкі адзначылі яго актыўную навукова-даследчую і вучэбную дзейнасць і пастаянны рух наперад.
З асаблівай цеплынёй да імянінніка звярнуўся прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных раўнанняў і алгебры Іван Платонавіч Мартынаў.
Павіншаваць свайго выкладчыка прыехаў доктар фізіка-матэматычных навук, загадчык кафедры дыферэнцыяльных раўнанняў і тэорыі функцый Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Аляксандр Старавойтаў.
Шчырыя словы ўдзячнасці гучалі з вуснаў многіх прысутных. І ўсе яны былі аб высокіх асобасных і прафесійных якасцях Яўгенiя Аляксеевіча.
У сваю чаргу Яўгенiй Роўба падзякаваў кіраўніцтву ўніверсітэта за цёплы вечар, а гасцям свята за добрыя словы:
- Безумоўна, я вельмі рады, што з 2005 па 2013 гады мне давялося быць рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Удзячны ўсім, з кім мне давялося працаваць і дасягаць пастаўленых мэтаў.