Канферэнцыя «Тэхналогіі гарадскога транспарту» упершыню праходзіць у ГрДУ імя Янкі Купалы 11-12 красавіка і сабрала ўдзельнікаў з Беларусі і Польшчы.
Форум аб'яднаў навукоўцаў, кіраўнікоў арганізацый, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі, і студэнтаў універсітэта. Усяго - больш за 130 удзельнікаў.
Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі пазнаёміў гасцей з інавацыйнай інфраструктурай ГрДУ імя Янкі Купалы і адзначыў, што правядзенне падобнага маштабнага міжнароднага мерапрыемства для ўніверсітэта паслужыць яшчэ адным імпульсам да развіцця інавацый і наладжванню больш цеснага ўзаемадзеяння з прадпрыемствамі, арганізацыямі рэгіёну і суседніх краін.
Актуальнасць правядзення канферэнцыі падкрэсліў генеральны дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута транспарту «Транстэхніка» Віталь Кірэеў:
- Сучасны этап развіцця эканомікі паставіў перад намі задачу павышэння мабільнасці грамадзян. Пры гэтым увесь час растуць патрабаванні да камфортнасці паездкі, неабходны новыя падыходы да якасці абслугоўвання насельніцтва. Мы праводзім канферэнцыю з польскімі калегамі і запрасілі практычна ўсіх кіраўнікоў транспартных арганізацый, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі, для таго каб абмяняцца вопытам.
У рамках пленарнага пасяджэння былі закрануты пытанні арганізацыі гарадскіх пасажырскіх перавозак у Беларусі і ў Польшчы, дасягненні ў галіне кіравання дарожным рухам, бяспека і надзейнасць гарадскога пасажырскага транспарту, праблемы арганізацыі пасажырскага трафіку ў сучаснасці і будучыні. Акрамя таго, абмяркоўваюцца тэмы інфармацыйных сістэм для пасажыраў, онлайн маніторынгу грамадскага транспарту, новых IT-сістэм для арганізацыі працы грамадскага транспарту. Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць, чаго не хапае ў цяперашні час для аўтаматызацыі працэсу арганізацыі працы гарадскога пасажырскага транспарту.
У другі дзень правядзення канферэнцыі будуць працаваць тры секцыі: «Інфармацыя для пасажыраў. Планаванне паездкі. Кіраванне рухам у рэальным рэжыме часу», «Электронныя білетныя сістэмы. Білетаматы. Валідатары. Разумныя прыпынкі», а таксама «Сістэмы планавання і ўліку задач у транспартнай галіне. Сістэмы для складання раскладу»
Варта адзначыць, што арганізатарамі канферэнцыі выступілі Беларускі навукова-даследчы інстытут транспарту «Транстэхніка», Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Еўрапейскі адукацыйны цэнтр «CENTRUS» і Польская гаспадарчая палата гарадскога транспарту.