Візіт студэнтаў і супрацоўнікаў з Беластоцкага тэхнічнага ўніверсітэта і Універсітэта ў Беластоку на інжынерна-будаўнічы факультэт адбыўся 12 красавіка.
Падчас сустрэчы гасцей пазнаёмілі з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, яго гісторыяй, спецыяльнасцямі, навуковымі распрацоўкамі студэнтаў і выкладчыкаў. Дэлегацыю з Польшчы павітаў загадчык кафедры тэхнічнай механікі інжынерна-будаўнічага факультэта Уладзімір Барсукоў, які распавёў, што сёння ГрДУ імя Янкі Купалы вядзе актыўны дыялог з многімі замежнымі ўніверсітэтамі, а адным з прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва з'яўляецца правядзенне сумесных навуковых даследаванняў і акадэмічны абмен выкладчыкамі і студэнтамі.
У рамках візіту прайшоў круглы стол «Перспектывы міжвузаўскага трансгранічнага супрацоўніцтва» бакі абмеркавалі кірункі магчымага ўзаемадзеяння. Калегі з Беластока падзяліліся тэматыкай уласных навуковых даследаванняў і вопытам сумеснай працы з іншымі беларускімі ўніверсітэтамі. Варта адзначыць, што дэлегацыя з Польшчы праявіла зацікаўленасць у супрацоўніцтве ў галіне будаўніцтва, архітэктуры, гісторыі і археалогіі, а таксама ва ўзаемным абмене студэнтамі і выкладчыкамі.
Акрамя таго ў рамках сустрэчы гасцей запрасілі на экскурсію па гістарычнай частцы горада, дзе яны пазнаёміліся з архітэктурнымі помнікамі і знакавымі месцамі Гродна.