Візіт адбыўся 17 красавіка ў рамках Адзінага дня інфармавання.
У ГрДУ імя Янкі Купалы Ігар Луцкі ўпершыню. Ён адзначыў, што мэта яго наведвання не толькі сустрэча з калектывам універсітэта, але і магчымасць абмеркаваць напрамкі супрацоўніцтва тэлеканала і ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе паспяхова рыхтуюць спецыялістаў сферы мас-медыя.
У ходзе візіту Ігар Луцкі сустрэўся з кіраўніцтвам універсітэта, пасля чаго пагутарыў з працоўным калектывам. На абмеркаванне была вынесена тэма «Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Рэалізацыя нацыянальных інтарэсаў і ўмацаванне пазітыўнага іміджу беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне». Ігар Луцкі адзначыў, што сёння вектар знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь актыўна развіваецца, што збалансаваная і міралюбная знешнепалітычная лінія Беларусі абумовіла якаснае змяненне ва ўспрыманні нашай краіны ў свеце. Ігар Уладзіміравіч распавёў аб асноўных напрамках знешняга супрацоўніцтва Беларусі з краінамі-партнёрамі, адзначыў дасягненні Рэспублікі Беларусь у розных галінах і сферах.
Падчас дыялогу не засталася без увагі і тэма развіцця айчыннага тэлебачання. Ігар Луцкі распавёў аб структуры, дзейнасці і кантэнце тэлеканала СТВ, адзначыў якасныя змены, якія адбыліся ў апошні час:
- У 2017 годзе мы перайшлі на вяшчанне ў HD-фармаце. У лістападзе 2018 года правялі рэбрэндынг канала: змяніліся сетка вяшчання, лагатып. Рэйтынг канала вырас на 37%. Мы сур'ёзна заняліся прасоўваннем у сацыяльных сетках. Літаральна тыдзень таму атрымалі «сярэбраную кнопку» ад YouTube - у нашага канала 100 тысяч падпісчыкаў. Адзначу, што ў пачатку 2018 года іх было 30 тысяч.
У той жа час Ігар Луцкі падкрэсліў, што тэлевізійная журналістыка - самы складаны і самы патрабавальны від журналістыкі, а сярод найважнейшых прафесійных якасцяў тэлежурналіста назваў шырокі кругагляд, выразна пастаўлены голас і абаяльнасць. На пытанне, у якіх краінах працуюць карэспандэнты «Сталічнага тэлебачання», адказаў, што карэспандэнцкіх пунктаў за мяжой няма, але ў выпадку неабходнасці журналіст хутка мабілізуецца і накіроўваецца, куды неабходна.
Магчымасць задаць свае пытанні кіраўніку тэлеканала СТВ была і ў студэнтаў. Пасля размовы з супрацоўнікамі ўніверсітэта Ігар Луцкі наведаў Студэнцкі медыяцэнтр, дзе сустрэўся са студэнтамі спецыяльнасці "Журналістыка" і даў невялікае інтэрв'ю. Студэнтаў цікавіла, як тэлеканал будзе асвятляць ІІ Еўрапейскія гульні, як арганізавана праца СТВ ў інтэрнэт-прасторы, які адсотак кантэнту канала з'яўляецца яго ўласнай вытворчасцю.
Завяршыўся візіт Ігара Луцкага па традыцыі сумесным фота са студэнтамі на памяць.
СМІ аб мерапрыемстве:
Игорь Луцкий в День информирования: «Прежде всего меня в Гродненском университете интересуют специалисты» (СТВ, 17.04.2019)
Игорь Луцкий, генеральный директор СТВ: «Выпускники ГрГУ имени Янки Купалы – кадровая опора для телеканала» (Гродзенская праўда, 17.04.2019)