Прафесары факультэта харчовых і інфармацыйных тэхналогій Дзяржаўнага ўніверсітэта прыкладных навук у г. Ломжа (Рэспубліка Польшча) Мечыслаў Веслаў Об'едзінскі і Роберт Чармас наведалі факультэт біялогіі і экалогіі купалаўскага ўніверсітэта.
Візіт адбыўся ў рамках праграмы акадэмічнага абмену Erasmus +. У ходзе візіту польскія госці сустрэліся з кіраўніцтвам універсітэта, супрацоўнікамі факультэта біялогіі і экалогіі, абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва, а таксама асаблівасці арганізацыі навучальнага працэсу. Акрамя таго, прафесар Мечыслаў Веслаў Об'едзінскі прачытаў лекцыі студэнтам-купалаўцам спецыяльнасці «Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання», падчас якой азнаёміў з сучасным тэхналагічным абсталяваннем, што прымяняецца на польскіх прадпрыемствах грамадскага харчавання. Асаблівую ўвагу лектар таксама надаў пытанням стандартызацыі і сертыфікацыі харчовай прадукцыі і прагрэсіўным метадам кантролю іх якасці, адпаведным еўрапейскім нормам.
Падчас візіту для польскіх гасцей была арганізавана экскурсія па купалаўскім універсітэце, у навукова-тэхналагічны парк ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама адбылася паездка на прадпрыемства Гродзенскай вобласці «Мядовы шлях».