У рамках трэцяга навучальнага модуля слухачам курсаў павышэння кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу «Асновы эўрыстычнага навучання ва ўстанове вышэйшай адукацыі» (на англійскай мове) была прапанавана тэма «Дыстанцыйныя тэхналогіі ў адукацыі. Формы арганізацыі камунікацыі студэнтаў».
Адкрываючы мерапрыемства, старшы выкладчык кафедры педагогікі і сацыяльнай работы Алена Бэкман прадставіла ключавыя аспекты арганізацыі і правядзення навучальных заняткаў у віртуальным асяроддзі. Слухачы курсаў пазнаёміліся з тэарэтычнымі асновамі выкарыстання тэлекамунікацый у адукацыйным працэсе, даведаліся аб методыцы распрацоўкі навучальных інтэрнэт-заняткаў, атрымалі ўяўленне аб аўтарскай канцэпцыі прымянення эўрыстычнага дыялогу ў працэсе фарміравання тэлекамунікатыўных кампетэнцый вучняў доктара педагагічных навук, прафесара Андрэя Караля. На думку аўтара канцэпцыі, падчас інтэрнэт-занятку актыўнасць, ініцыятыва, запытальная дамінанта ў спазнанні павінны зыходзіць ад самога навучэнца, а не ад выкладчыка. Пісьменная і паслядоўная рэалізацыя інтэрнэт-занятку пашырае традыцыйныя камунікацыі паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу, прадастаўляе навучэнцам магчымасці для стварэння камунікатыўных прадуктаў у звыклым для іх асяроддзі зносін, фарміруе навыкі каманднай працы ў віртуальнай прасторы.
У выступе мадэратара Кацярыны Пчэльнік, выкладчыка Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, былі прыведзены канкрэтныя і змястоўныя прыклады выкарыстання сацыяльных сетак у навучальным працэсе.
Падчас групавой працы слухачы курсаў распрацавалі першапачатковыя варыянты інтэрнэт-заняткаў, а падчас выніковага вебінара падзяліліся вынікамі працы з калегамі. На сумесным абмеркаванні слухачы атрымалі кансультацыі мадэратараў па паляпшэнні зместу метадычных распрацовак і выпраўленні дапушчаных памылак.
Варта адзначыць, што метадычныя распрацоўкі слухачоў курсаў «Асновы эўрыстычнага навучання ва ўстанове вышэйшай адукацыі» (на англійскай мове) будуць апублікаваныя ў электронным навукова-метадычным часопісе «Універсітэт адукацыйных інавацый».