Галоўнай пляцоўкай свята ў Гродна стаў мемарыяльны комплекс воінам-пагранічнікам.
Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў, намеснік старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша, кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Алег Бялінскі, яго намеснік Жанна Грыцкевіч, намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Аляксандр Коўш, прадстаўнікі сілавых структур і грамадскіх арганізацый.
У складзе дэлегацыі ГрДУ імя Янкі Купалы мерапрыемства наведалі першы прарэктар Алег Раманаў, прарэктар па выхаваўчй працы Васілій Сянько, кіраўнікі структурных падраздзяленняў, супрацоўнікі і студэнты.
- Воляй народа герб і сцяг сталі духоўнымі святынямі, якія адлюстроўваюць векавыя традыцыі, маральныя каштоўнасці, лепшыя якасці і рысы беларускага народа, - звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу Барыс Фёдараў. - Знамянальна, што мы заўсёды адзначаем гэтае свята адразу пасля Дня Вялікай Перамогі. Бо нашы сімвалы непарыўна звязаны з гераічнай гісторыяй краіны. З павагі да афіцыйных сымбаляў пачынаецца любоў да сваёй малой радзімы, дачыненне да яе лёсу.
Без ведання гісторыі, павагі да мінулага, пераемнасці гістарычных і культурных традыцый нельга будаваць будучыню. Гэта неабходныя ўмовы ўсіх далейшых поспехаў.
І вось ён - урачысты момант свята. Узлятае ўгору па флагштоку Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Права падняць яго аб'яднала прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў: ганаровага пагранічніка рэспублікі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Рыгора Абялеўскага, воіна-памежніка Аляксандра Свірыдава, вучаніцу школы N3 імя Усава Арыну Касцевіч і вучня гімназіі N10 Івана Крапіўніцкага.
На ўрачыстасць прыйшло шмат маладых людзей, якія прымаюць актыўны ўдзел у жыцці горада і краіны, сваімі добрасумленнымі адносінамі да вучобы рыхтуюць сябе да працы на карысць Радзімы. Па традыцыі ў дзень свята каля 20 лепшых вучняў горада прынялі ў піянеры. Ганаровыя госці павязалі рабятам чырвона-зялёныя гальштукі, а 15 дзяўчат і хлопцаў атрымалі білеты БРСМ.
Прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада ўсклалі да падножжа мемарыяльнага комплексу вянкі і кветкі.
Па матэрыялах www.grodnonews.by