Супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у першай сустрэчы ў рамках праекта «Удасканаленне ўніверсітэцкага выкладання і навучання» ва ўніверсітэце Ліннэус ў горадзе Вэкшё (Швецыя).
Загадчык сектара міжнароднай праектнай дзейнасці Цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Вікторыя Кергет і начальнік вучэбнага аддзела вучэбна-метадычнага ўпраўлення Анатоль Багдзевіч прадставілі партнёрам па праекце дасягненні ГрДУ імя Янкі Купалы ў галіне міжнароднай праектнай дзейнасці, укаранення інавацыйных адукацыйных тэхналогій і сістэмы менеджменту якасці.
У рамках першай сустрэчы адбылося знаёмства з ВНУ-партнёрамі, удзельнікі распрацавалі план і этапы рэалізацыі праекта, таксама было ўзгоднена размеркаванне адказнасці. Укараненне вынікаў праекта дасць магчымасць ГрДУ імя Янкі Купалы зрабіць яшчэ адзін крок на шляху інавацыйнага развіцця, удасканалення арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўніверсітэце ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі забеспячэння якасці адукацыі.
У выніку рэалізацыі праекта UniTeLE плануецца стварэнне ва ўніверсітэце Цэнтра акадэмічнага развіцця і педагагічнай падрыхтоўкі, а таксама распрацоўка і ўкараненне інавацыйных методык адукацыі. Важны аспект праекта - гэта развіццё педагагічнага ўзаемадзеяння і педагагічных сетак для супрацоўнікаў універсітэтаў Швецыі, Італіі, Германіі, Турцыі і Беларусі.
Партнёрамі праекта выступаюць Універсітэт Ліннэус, Швецыя - каардынатар праекта, Універсітэт Генуі, Італія, Педагагічны ўніверсітэт Хайдэльберг, Германія, Універсітэт Хаджы Бекташ-і Велі г. Невшэхір, Турцыя, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларусь, Беларуская дзяржаўная ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі і ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія, Беларусь, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт ім. П.В. Сухога, Беларусь, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Беларусь, Асацыіраваны партнёр: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Мэтай праекта з'яўляецца паляпшэнне якасці вышэйшай адукацыі з акцэнтам на працаўладкаванне ў частцы ўдасканалення ўнутранага забеспячэння якасці выкладання / навучання і паляпшэння работы выкладчыцкага складу ВНУ-партнёраў Беларусі ў адпаведнасці з патрабаваннямі грамадства / эканомікі.