Конкурс адбыўся 23-24 мая 2019 года на базе Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Яго ўдзельнікамі сталі 46 прадстаўнікоў 25 універсітэтаў з 10 краін.
У конкурсе прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Расіі, Індыі, Кітая, В'етнама, ПАР, Японіі, Туркменістана, Таджыкістана. ГрДУ імя Янкі Купалы прадставілі студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта Аляксандра Радковіч, навучэнка падрыхтоўчага аддзялення з Індыі Хенры Кезія Евангеліна і студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта Дар'я Маскальцава.
У першы конкурсны дзень удзельнікі з Беларусі выходзілі на сцэну з выступам, прысвечаным II Еўрапейскім гульням і здароваму ладу жыцця. Госці з далёкага замежжа распавядалі аб сваёй радзіме, народных традыцыях і звычаях.
На заключным этапе конкурсу прайшлі дэбаты па тэмах, прапанаваных арганізатарамі турніру. Фіналісты разважалі пра мараль і маральнасць, ролю спорту ў грамадскай, культурнай і палітычнай сферы, а таксама пра галоўныя плюсы здаровага ладу жыцця ў процівагу курэнню, алкагалізму і наркаманіі. Журы ацэньвала ўменне канкурсантаў дыскутаваць і адказваць экспромтам на пытанні, а таксама прамоўніцкую індывідуальнасць.
Так, у гэтым годзе Аляксандра Радковіч заняла II месца. Дарэчы, I месца заняла ўдзельніца з Украіны - студэнтка Акадэміі МУС г. Кіева. Годна прадставіла ГрДУ імя Янкі Купалы і Хенры Кезія Евангеліна, якая стала трэцяй. Варта адзначыць, што студэнты купалаўскага ўніверсітэта ўжо традыцыйна становяцца прызёрамі і лаўрэатамі конкурсу аратарскага майстэрства.
У працы журы конкурсу, якое склалі выкладчыкі 10 універсітэтаў з Беларусі, Украіны, Расіі, прыняла ўдзел старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі Святлана Тарасава.
Галоўная мэта конкурсу - гэта эфектыўнае навучанне моладзі прамаўленню публічных прамоў.