Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы 30 мая наведалі Універсітэт у Беластоку і Беластоцкі навукова-тэхналагічны парк, а таксама сустрэліся з Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Беластоку Алай Фёдаравай.
У складзе дэлегацыі ГрДУ імя Янкі Купалы таксама прарэктар па навуковай рабоце Юрый Раманоўскі і дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Тамара Піваварчык. Сёння прадстаўнікі купалаўскага ўніверсітэта сустрэліся з рэктарам Універсітэта ў Беластоку Робертам Цыбароўскім. У рамках сустрэчы бакі падвялі вынікі міжвузаўскага ўзаемадзеяння ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве з універсітэтам у Беластоку і дамовы аб стварэнні Сеткі ўніверсітэтаў памежжа.
Прадметам сустрэчы стала абмеркаванне ўдзелу прадстаўнікоў універсітэтаў у сумесных навуковых, адукацыйных і культурных мерапрыемствах. Плануецца, што вядучыя навукоўцы Універсітэта ў Беластоку наведаюць купалаўскі ўніверсітэт у рамках праграмы «Запрошаны прафесар», а студэнты прымуць удзел у Летніх школах ГрДУ імя Янкі Купалы. Акрамя таго, было абмеркавана пытанне акадэмічнай мабільнасці выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў ва Універсітэце ў Беластоку ў 2020 г. у рамках праграмы Erasmus +.
Сёння прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы таксама наведалі Беластоцкі навукова-тэхналагічны парк, дзе пазнаёміліся з яго вопытам арганізацыі і функцыянаваннем.
Візіт дэлегацыі купалаўскага ўніверсітэта ў Польшчу працягнецца заўтра. 31 мая адбудзецца сустрэча з кіраўніцтвам, навучэнцамі і выкладчыкамі Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Там прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы перададуць камплект беларускамоўнай літаратуры ў бібліятэку школ, а таксама абмяркуюць перспектывы далейшага супрацоўніцтва.