Візіт адбыўся 30 мая падчас удзелу першага прарэктара Алега Раманава і дырэктара навуковай бібліятэкі Мікалая Грынько ў Днях беларускай адукацыі ў Расійскай Федэрацыі.
Для развіцця і папулярызацыі беларускай мовы і культуры прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы перадалі ў бібліятэку цэнтра кнігі адпаведнай тэматыцы.
– Сярод кніг – трохтомнае выданне энцыклапедыі “Янка Купала”, і гэта сімвалічна, бо мы – купалаўцы, – адзначыў дырэктар навуковай бібліятэкі ўніверсітэта Мікалай Грынько, – энцыклапедыя “Францыск Скарына”, якая пакажа, як наша краіна ўвайшла ў свет цывілізацыі, свет друкаванага слова больш чым 500 гадоў таму, а таксама кніга “Скарбы Панямоння” – асабісты падарунак ад рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка з адпаведным подпісам: “Няхай множацца скарбы душы са скарбамі Панямоння”.
У межах сустрэчы былі падведзены вынікі конкурсу “Пазнай Беларусь з намі”, які праводзіўся ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна з МДУ імя Ламаносава. Удзельнікі выконвалі тэст, а таксама пісалі твор пра Гродна. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі I, II і III ступені. Трэба адзначыць, што навучэнцы таксама атрымалі сертыфікаты на ўдзел у Летняй школе беларускай мовы і культуры на базе навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы і ў жніўні 2019 года прыедуць у купалаўскі ўніверсітэт.
Для студэнтаў філалагічнакга факультэта і вучняў Маскоўскіх школ, якія наведваюць факультатыў па беларускай мове на базе цэнтра, быў праведзены майстар-клас на тэму “Ветлівасць па-беларуску”. Удзельнікі змаглі паказаць свае веды і атрымаць новыя – пра гасціннасць, ветлівасць, этыкетныя формы вітання і развітання беларусаў і іншыя.
Падчас сустрэчы з выконваючым абавязкі дэкана філалагічнага факультэта МДУ Андрэем Ліпгартам прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы абмеркавалі і падпісалі План працы цэнтра на 2019-2020 гады.
Сярод іншага, планам працы проадугледжаны наступныя віды дзейнасці: сумесныя вэбінары, удзел студэнтаў з Расіі ў Летняй школе беларускай мовы і культуры, лекцыі маскоўскіх калег у межах праграмы “Запрошаны прафесар”, іх удзел у міжнародных навуковых канферэнцыях на базе ГрДУ імя Янкі Купалы і іншыя.