Форум прайшоў з 31 мая па 1 чэрвеня і быў прымеркаваны да 20-годдзя дзейнасці Юрыдычнай клінікі Універсітэта ў Беластоку.
Юрыдычную клініку Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на канферэнцыі прадставілі Дыяна Літвінчук, Вікторыя Якубоўская, Лявон Матро, Бажэна Ярэміч, Таццяна Яўсеенка і Анастасія Міхальчук.
Удзельнікі канферэнцыі дэманстравалі прэзентацыі і даклады, прысвечаныя розным пытанням клінічнай адукацыі студэнтаў. Асаблівая ўвага надавалася метадам клінічнага навучання, досведу працы юрыдычных клінік у рамках напрамкаў медыяцыі і «Street Law», захаванню прынцыпу прыватнасці дадзеных кліента, ролі каардынатара ў студэнцкай юрыдычнай клініцы, прававой дапамогі бяздомным асобам, усталяванню псіхалагічнага кантакту з кліентам, а таксама каардынацыі юрыдычных клінік і інш. Купалаўцы прэзентавалі тры даклады на англійскай мове. Вікторыя Якубоўская і Лявон Матро распавялі пра ўжыванне метадаў медыяцыі ў працы юрыдычных клінік. Дыяна Літвінчук і Бажэна Ярэміч прэзентавалі даклад «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў практычным навучанні студэнтаў юрыдычных клінік». Аб прававым забеспячэнні пацыентаў паліятыўнай дапамогі студэнтамі юрыдычнай клінікі Гродзенскага ўніверсітэта распавялі Таццяна Яўсеенка і Анастасія Міхальчук.
У другі дзень навуковага форуму доктар факультэта права і кіравання Універсітэта Лодзі Пшэмыслаў Кубяк правёў трэнінг, на якім удзельнікі азнаёміліся са складанасцямі працы з кліентам, а таксама даведаліся спосабы іх вырашэння.