У рамках мерапрыемства былі разгледжаны пытанні выканання Калектыўнага дагавора ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы за 2016-2019 гг., а таксама праект Калектыўнага дагавора на перыяд 2019-2022 гг.
Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла важнасць прыняцця Калектыўнага дагавора на 2019-2022 гг., які на працягу наступных трох гадоў будзе спрыяць ажыццяўленню адзінай палітыкі ў сферы сацыяльнай абароны работнікаў універсітэта.
- У падрыхтоўцы і рэалізацыі Калектыўнага дагавора ў нас назапашаны вялікі вопыт. Калектыўны дагавор ГрДУ імя Янкі Купалы ўдастоены знешніх узнагарод. Гэта не выпадкова, бо мы прымаем дакумент не дзеля дакумента - мы прымаем яго дзеля тых людзей, якія працуюць у ГрДУ імя Янкі Купалы, - падкрэсліла Ірына Фёдараўна і пажадала ўсім актыўнай плённай працы.
Выступаючы перад працоўным калектывам, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы Ігар Кергет падкрэсліў, што аснову Калектыўнага дагавора складае сацыяльнае партнёрства, раўнапраўе бакоў, улік рэальных магчымасцяў матэрыяльнага, вытворчага і фінансавага забеспячэння выканання абавязкаў. Ігар Леанідавіч адзначыў галоўныя перавагі, якія дае дакумент, а таксама пазначыў задачы прафсаюзнага камітэта работнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы на бліжэйшыя гады. Ён падкрэсліў, што Калектыўны дагавор неаднаразова быў адзначаны Цэнтральным камітэтам прафсаюза і Федэрацыяй прафсаюза. За перыяд дзеяння Калектыўнага дагавора не было заўваг па ходу выканання калектыўнай дамовы.
У сваю чаргу начальнік Цэнтра кадравай і прававой работы Галіна Сакомская прадставіла праект Калектыўнага дагавора на 2019-2022 і адзначыла, што ў сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння цяперашняга дагавора па ініцыятыве прафсаюзнага камітэта работнікаў універсітэта былі пачаты калектыўныя перамовы па распрацоўцы новага калектыўнага дагавора і дадаткаў да яго. Для гэтага была створана камісія для калектыўных перамоваў, у склад якой упершыню ўвайшлі прадстаўнікі каледжаў ГрДУ імя Янкі Купалы. У гэтым годзе адміністрацыя ўніверсітэта і прэзідыум прафсаюзнай арганізацыі работнікаў універсітэта прапанавалі распаўсюдзіць дзеянне Калектыўнага дагавора ўніверсітэта на ўсіх работнікаў, у тым ліку - работнікаў адасобленых падраздзяленняў.
Базай для Калектыўнага дагавора паслужыў калектыўны дагавор 2016-2019 гг. Асноўнымі прынцыпамі распрацоўкі з'яўляецца захаванне нормаў заканадаўства, захаванне і памнажэнне нормаў, прынцыпаў, сацыяльнага пакета, якія дзейнічаюць у калектыве.
- Неабходна ўлічваць і нормы палажэнняў, якія прынятыя на ўзроўні тарыфнага пагаднення, галіновага і мясцовых пагадненняў. Гэта, перш за ўсё, генеральнае пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і прафсаюзамі на 2019-2021 гады, пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі, пагадненне паміж Галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі на 2019-2022 гады. Дадзеныя дакументы былі падпісаны ў гэтым годзе і сталі асновай для нашага праекта, - адзначыла Галіна Сакомская.
Змест праекта калектыўнага дагавора адпавядае тым раздзелам, якія былі раней. Гэта працоўная дысцыпліна, гарантыя занятасці, адпачынак, сацыяльныя льготы. Усе жадаючыя маглі ўнесці свае прапановы і заўвагі. Акрамя таго, праект калектыўнага дагавора прайшоў прававую экспертызу ў абкаме прафсаюзаў.
На сённяшні дзень ёсць шэраг ільгот і пераваг, якія дадаткова ўключаюцца ў Калектыўны дагавор. Сярод іх - штомесячныя выплаты ўзнагарод работнікам, якія ўдастоены ганаровых званняў, распаўсюджванне льгот для маладых спецыялістаў на тых работнікаў, якія навучаліся платна і былі накіраваны на працу. Ёсць дадатковыя пункты, звязаныя з гарантыямі занятасці, якія тычацца жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, а таксама няпоўных сем'яў.
Варта адзначыць, што ў рамках канферэнцыі работнікаў працоўнага калектыву Ганаровай граматай ГрДУ імя Янкі Купалы за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у арганізацыю дзейнасці Савета ветэранаў універсітэта ўзнагароджаны Міхаіл Васілючак, які большую частку працоўнай біяграфіі прысвяціў ГрДУ імя Янкі Купалы і з 1996 па 2019 узначальваў купалаўскі Савет ветэранаў.