Пашыранае пасяджэнне прыёмнай камісіі прайшло ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Паспяховага старту прыёмнай кампаніі членам прыёмнай камісіі пажадала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна адзначыла, што ў гэтым годзе лічбы набору ў купалаўскі ўніверсітэт практычна захаваліся на ўзроўні мінулагодніх. Па словах Ірыны Фёдараўны, з аднаго боку - гэта давер універсітэту, з другога - вялікая адказнасць. Рэктар падкрэсліла, што на платную форму атрымання вышэйшай адукацыі набор павялічаны, у асноўным - на IT-спецыяльнасці. Усяго плануецца прыняць на бюджэт 1 048 маладых людзей і яшчэ 1 285 - на ўмовах аплаты.
Аб асноўных падыходах да прыёму на першую ступень вышэйшай адукацыі і навінах 2019 года расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі, дэкан факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Ірына Карлюкова.
- Сярод навін уступнай кампаніі 2019 году - змены методыкі вызначэння бала ЦТ. Упершыню ўстаноўлены адзіныя для ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі ўступныя выпрабаванні пры прыёме абітурыентаў для атрымання вышэйшай адукацыі ў скарочаны тэрмін. У гэтым годзе таксама ўпершыню ўстаноўлены гранты для навучання за кошт сродкаў бюджэту для замежных грамадзян, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, - адзначыла Ірына Аляксандраўна. - Абітурыенты, якія перамаглі на абласным і заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўю, якая ўпершыню была праведзена у 2019 годзе, будуць карыстацца пры паступленні тымі ж ільготамі, што і ўдзельнікі алімпіяд па іншых прадметах.
Былі агучаны даты прыёму дакументаў, здачы ўступных іспытаў і залічэння абітурыентаў. Так, падаць дакументы на II ступень атрымання вышэйшай адукацыі (магістратура) абітурыенты змогуць з 27 чэрвеня па 5 ліпеня (акрамя 30 чэрвеня і 3 ліпеня) з 9.00 да 18.00. На I ступень дакументы можна падаць з 12 ліпеня: на бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі прыём дакументаў будзе праходзіць да 17 ліпеня ўключна, на платную - па 4 жніўня. Працаваць прыёмная камісія будзе без выхадных з 9.00 да 18.00.
Для выпускнікоў педагагічных класаў, якія плануюць паступаць на спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Олігафрэнапедагогіка», «Беларуская філалогія (па напрамках)», «Руская філалогія (па напрамках)», «Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)», «Матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)», «Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)» і «Фізічная культура», прыём дакументаў будзе ажыццяўляцца з 12 ліпеня па 14 ліпеня, а 15 ліпеня адбудзецца субяседванне.
- Усяго ў гэтым годзе ГрДУ імя Янкі Купалы ажыццяўляе прыём на 50 спецыяльнасцяў. Без змен застаўся набор на дзённую скарочаную, вячэрнюю скарочаную і завочную формы, - распавяла Ірына Аляксандраўна.
Варта адзначыць, што кожны год ГрДУ імя Янкі Купалы адкрывае падрыхтоўку па новых запатрабаваных спецыяльнасцях. У гэтым годзе ўпершыню аб'яўлены набор на спецыяльнасці «Камп'ютарная фізіка» (дзённая) на фізіка-тэхнічным факультэце. Пашырыўся таксама пералік спецыяльнасцяў, якія можна атрымаць на завочнай (скарочанай) форме навучання. Так, упершыню будзе ажыццяўляцца набор на спецыяльнасць «Транспартная лагістыка» па кірунку «Аўтамабільны транспарт». Акрамя таго, аднаўляецца набор на спецыяльнасць «Гісторыя (археалогія)» на дзённую форму навучання і па спецыяльнасці «Камерцыйная дзейнасць» на завочную (скарочаную) форму навучання. Абітурыенты, якія паступаюць на філалагічны факультэт па спецыяльнасці "Рамана-германская філалогія (нямецкая)», змогуць даць на выбар сертыфікат ЦТ па замежных мовах: нямецкая або англійская. Падобныя новаўвядзенні чакаюць і тых, хто паступае на факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму на спецыяльнасць «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» (напрамак - знешнеэканамічныя сувязі). Абітурыентам можна падаць сертыфікат па англійскай або кітайскай мове на выбар.
Падрабязную інфармацыю аб прыёмнай кампаніі 2019 у купалаўскім універсітэце, пералік спецыяльнасцяў і ўмовы паступлення можна знайсці на сайце abit.by.